Цытата пра «рускі штык, рускага настаўніка і рускага папа» састарэла?
Былы праваслаўны святар Аляксандр Шрамко, які пасля 2020 года жыве ў Літве, на сваёй старонцы ў фэйсбуку паразважаў адносна рэлігійнасці беларусаў і ўплыву Праваслаўнай царквы на сённяшняе беларускае грамадства.
28.12.2023 / 19:30
У праграме «Двубой» Віталь Цыганкоў раптам прыгадаў адну маю даўнюю заяву аб тым, што з усіх беларусаў, якія лічаць сябе праваслаўнымі, толькі 1% рэальна вернікі, то-бок практыкуюць сваю веру і ўдзельнічаюць у набажэнствах. Пры гэтым там злёгку нават пасмяяліся з гэтай лічбы ўдваіх з Пётрам Рудкоўскім, які назваў яе «перагібам» і прапанаваў сваю: «плюс-мінус 20%».
Для пачатку хацеў бы паправіць, што, калі гаворка ідзе пра сітуацыю дваццацігадовай даўніны, то я хутчэй за ўсё казаў нават пра долі працэнта, а 1% гэта яшчэ даволі аптымістычная ацэнка.
Я зыходзіў не з нейкага свайго ўнутранага «вузкага погляду», як мяркуе Пётра Рудкоўскі, а фактычнай напаўняльнасці храмаў у нядзельныя дні, калі для рэальна практыкуючага прыхаджаніна наведванне храма лічыцца абавязковым.
З 2 мільёнаў насельніцтва Менска, напрыклад, 1% гэта 20000 чалавек. Улічваючы, што не ўсе яны вернікі, праваслаўныя, а таксама малалетніх дзяцей і зусім нямоглых, наўскідку падзелім на два і атрымаем прыкладна 10 тыс.
Столькі чалавек, нават з улікам дзвюх літургій, не маглі змясціцца ў тых храмах, што дзейнічалі на той момант. Можа, цяпер і могуць, але таксама сумнеўна. З 50 дзейных цяпер прыходаў Мінска не так і шмат маюць ёмістыя храмы, многія месцяцца ў часовых або арандаваных памяшканнях, дзе на службе могуць прысутнічаць пара-тройка дзясяткаў чалавек.
Добра, хай не адзін працэнт, а два-тры (я добры сёння), але ніяк не 20%, па той жа ацэнцы іх павінна было быць дзесьці 200 тыс.
Нагадаю яшчэ, што пры самай аптымістычнай статыстыцы наведвальнасць храмаў на Вялікдзень ацэньваецца на ўзроўні «плюс-мінус» 10%, і гэта для храмаў ужо вавілонскае стоўпатварэнне. Прычым пераважная частка ўласна ў храмы нават не заходзіць: асвяцілі стравы і пайшлі.
Можам яшчэ прыкінуць і па Вільні. За гэты год, паводле звестак міграцыі, часовы дазвол на жыхарства выдадзены больш за 60 тысячам беларусаў. Сюды не ўваходзяць тыя, хто пастаянна жыве ў Літве, а таксама хто знаходзіцца па працоўных і гуманітарных візах. Сотка набярэцца, думаю.
Паводле звестак той жа міграцыі, дзве траціны іншаземцаў жывуць у Вільні. Доля беларусаў, улічваючы значэнне для беларусаў гэтага горада і блізкасць да Беларусі, відавочна большая. Зноў жа дзелім на два і атрымліваем тысяч з 30. Адзін працэнт — 300. Гэта вельмі нядрэнная лічба: на парадак больш гэта тры тысячы — прыкладна ў столькі ацэньваецца агульная наведвальнасць храмаў па ўсёй Літве.
Усё гэта тычыцца не толькі беларусаў. Узгадваю бадзёрыя прагнозы наконт украінскіх уцекачоў.
Маўляў, па ўсіх разліках «больш веруючыя» ўкраінцы проста тысячамі апануюць храмы, нашмат больш, чым цяперашняя колькасць практыкуючых вернікаў. А не відаць іх там толькі таму, што там памінаюць патрыярха Кірыла. Вось будзе Канстанцінопальскі патрыярхат, то так і папруць.
І што ж? Сціплы беларускі прыход пакуль застаецца самым вялікім з прыходаў Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні. Я ўжо не кажу пра тое, што само па сабе хаджэнне ў храм — гэта не паказчык усвядомленай веры, а таксама тое, што на службе заўсёды прыкметная доля людзей наогул выпадковых.
Якія з гэтага высновы? Уплыў Царквы на грамадства вельмі перабольшаны. Прычым як уладамі, так і апазіцыяй. Адныя надаюць вялікае значэнне «падтрымцы вернікаў», іншыя ўскладаюць галоўную віну ў распаўсюдзе «рускага свету», цытуючы збітую цытату пра «рускі штык, рускага настаўніка і рускага папа». Цытата тых старадаўніх часоў, калі «рускі поп» яшчэ нешта значыў у жыцці.
Ва ўладаў, праўда, усё ж ёсць нейкая рацыя: важная не столькі падтрымка саміх вернікаў, колькі іерархіі, каб можна было паказаць якраз малацаркоўным людзям: маўляў, глядзіце — Царква нас падтрымлівае. А людзі ж у большасці сваёй усё ж Царкву «паважаюць». Але так, здалёк.
Чытайце таксама:
Упершыню частка беларускіх праваслаўных будзе адзначаць Каляды 25 снежня па новым стылі
Праўладны святар адказаў, што рабіць, калі твая нявеста онліфаншчыца