Колькасць загінулых у выніку ўдару па Белгарадзе вырасла да 22
Удар 30 снежня па цэнтры расійскага прыгранічнага абласнога цэнтра назвалі адказам на расійскія атакі па Украіне.
31.12.2023 / 08:13
Белгарад пасля ўдару. Фота: тэлеграм-канал губернатара Гладкова
Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў паведаміў раніцай, што цяпер вядома пра 22 загінулых, з іх трое — дзеці. Яшчэ 109 параненыя (з іх 25 з цяжкімі раненнямі).
Удар з ракетных сістэм прыйшоўся па цэнтральнай частцы Белгарада. Адказнасць за яго ўзялі Сілы абароны Украіны.
Вайсковае ведамства Расіі заявіла, што горад абстралялі дзвюма ракетамі «Альха» з касетнымі боепрыпасамі і рэактыўнымі снарадамі РСЗА Vampire.
Сцвярджалася, што ракеты былі збітыя, як і большасць рэактыўных снарадаў.
«У выпадку прамога пападання ракет «Альха» з касетнымі боепрыпасамі па горадзе наступствы былі б невымерна цяжэйшыя», — гаварылася ў паведамленні.
Мінабароны РФ заявіла, што мэта атакі — адцягнуць увагу ад параз на фронце і справакаваць на адказ. Таксама ведамства ў чарговы раз цынічна паўтарыла, што Узброеныя сілы Расіі працуюць толькі па вайсковых аб'ектах і звязанай з імі інфраструктуры.
Расія ў адказ стала бамбіць Харкаў.
Глядзіце таксама:
Як пасля пападання ракеты выглядае пяцізоркавы гатэль у Харкаве ФОТА
Украіна нанесла масіраваны ўдар па Белгарадзе
Мінабароны Расіі паведаміла пра знішчэнне 32 украінскіх дронаў над чатырма абласцямі