Лідская раёнка заблюрыла на фота амерыканскі сцяг
Журналіст Юрась Дзяшук, які родам з Бярозаўкі Лідскага раёна, праглядаў сайт мясцовай раёнкі і заўважыў там кур'ёзны факт. Аказваецца, яе супрацоўнікі палічылі за лепшае заблюрыць на вопратцы пажылога мужчыны, які прыйшоў на сустрэчу са старшынёй райвыканкама, элементы амерыканскай сімволікі.
04.01.2024 / 23:56
Старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік 13 снежня праводзіў выязны прыём грамадзян у аграгарадку Беліца.
Паводле паведамлення раёнкі, «ад мясцовых жыхароў-пенсіянераў і фермера былі прапановы па паляпшэнні мясцовай дарожнай інфраструктуры». Таксама вяскоўцы падымалі «пытанні бяспекі дарожнага руху веласіпедыстаў і сельгастэхнікі па вуліцах аграгарадка, спрэчныя моманты пры афармленні дакументаў на зямельныя ўчасткі і іншыя».
Мерапрыемства даволі будзённае і нічым асабліва не прыкметнае, але Юрась Дзяшук заўважыў, што адзін з пажылых наведнікаў выязной прыёмнай прыйшоў на сустрэчу ў куртцы, на якой былі вышытыя элементы амерыканскай сімволікі. Такія курткі можна легальна набыць у крамах ці на рынках, ды і ўвогуле амерыканская сімволіка нават у лукашэнкаўскай Беларусі пакуль не забароненая. Але раённыя прапагандысты ад граху падалей яе на ўсялякі выпадак заблюрылі. Хоць іншае фота, знятае не буйным планам, дазваляе разабрацца, што там было.
«Абсалютна дурная і бязглуздая ідэя — замазваць сцяг ЗША на фота. Здаецца, нават у СССР у часы «халоднай вайны» з Амерыкай не займаліся такой дуратой, як зараз у Лідзе. Ідэалагічныя фобіі лідскіх прапагандонаў прабіваюць чарговае дно! Уяўляю сабе, як у іх ажно крываточаць вочы і ідзе пена з рота пры выглядзе амерыканскага сцяга», — напісаў журналіст.
Галоўным рэдактарам выдання «Лідская газета» з 1 ліпеня 2022 года з'яўляецца Павел Івуць. Перад тым, як заняць гэтую пасаду, ён быў начальнікам фінансавага аддзела Шчучынскага РАУС.
Чытайце таксама:
Фэйкамёт Прыдыбайла страляе халастымі — рэпосціць «голую вечарынку ў штабе БНФ»