У КНДР заявілі, што іх войска ўжо «зняло засцерагальнік»

Узброеныя сілы КНДР ужо «знялі засцерагальнік», любая памылка з боку паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў можа паставіць пад пагрозу Сеул. Пра гэта заявіла сястра лідара КНДР Кім Ё Чжон, піша Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі.

07.01.2024 / 12:45

Кім Ё Чжон. Фота: kcna.kp

«Патлумачу яшчэ раз: наша армія ўжо зняла засцерагальнік са спускавога кручка. У выпадку нязначнай правакацыі нашы войскі неадкладна пройдуць [баявое] хрышчэнне агнём», — сказала Кім Ё Чжон.

Яна таксама сцвярджае, што 6 студзеня КНДР не выпусціла ніводнага снарада ў бок Жоўтага мора, вайскоўцы Рэспублікі Карэя былі ўведзены ў зман з дапамогай узрыўчаткі, якая імітавала гул артылерыйскіх гармат. Камітэт начальнікаў штабоў УС Рэспублікі Карэя напярэдадні заявіў, што КНДР выпусціла 60 снарадаў і што яны ўпалі ў акваторыі на поўнач ад Паўночнай размежавальнай лініі, якую ў Сеуле лічаць фактычнай марской мяжой.

«Мне вельмі шкада насельніцтва Рэспублікі Карэя, якое вымушана даверыць «бяспеку» гэтым прафанам і аддаваць ім вялізныя грошы з падаткаў», — сказала Кім Ё Чжон.

Яна выступіла з пагрозаю, што Сеул, дзе пражывае больш за 10 млн чалавек, падвергнецца небяспецы, калі ў выніку «памылак і здагадак невуцкіх галаварэзаў», як заявіла яна, здарыцца інцыдэнт.

Кім Ё Чжон у прапагандысцкім стылі паўтарыла, што «памылкі, няправільныя ацэнкі і ўпартасць» «выклічуць непапраўныя няшчасці».

Чытайце таксама:

Ракета, якой РФ ударыла па Харкаве, магла быць з КНДР

Паўднёвакарэйская разведка: Кім Чэн Ын гадуе з 10-гадовай дачкі пераемніцу

У Паўднёвай Карэі эвакуююць цэлы востраў з-за масіраванага абстрэлу з боку КНДР

Nashaniva.com