Каго паставяць спікерам Палаты прадстаўнікоў замест спісанага Андрэйчанкі?
Канчатковых спісаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пакуль няма, але не трэба мець ілюзій наконт гэтых выбараў. Спісы будучых абраных (а ў рэальнасці прызначаных) дэпутатаў ужо даўно падрыхтаваныя. Ёсць толькі дробныя дадатковыя інтрыгі — напрыклад: а каго паставяць спікерам Палаты прадстаўнікоў?
08.01.2024 / 17:16
Фота: house.gov.by
Уладзімір Андрэйчанка займаў пасаду ажно з 2008-га, але нарэшце надышоў час і яму ісці на пенсію. У спісах кандыдатаў Андрэйчанкі ўжо не будзе. Хто ж, на нашу думку, будзе прэтэндаваць на месца ў топе-5 самых высокіх пасадаў Беларусі?
Уладзімір Андрэйчанка ў часе наведвання Бягомльскай школы-інтэрната Докшыцкага раёна. 22 снежня 2023 года. Фота: house.gov.by
Міхаіл Орда
На нашу думку, абсалютны фаварыт. У Орду сумяшчаецца адразу некалькі важных крытэраў.
Міхаіл Орда выглядае абсалютным фаварытам на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў. Фота: «Наша Ніва»
Па-першае, абсалютная адданасць. Ён знаходзіцца недзе непадалёку ад Лукашэнкі ад пачатку 2000-х, спачатку як кіраўнік падкантрольнага БРСМ, пасля як старшыня бяззубых прафсаюзаў. І ні разу не даў усумніцца ў сваёй вернасці. У 2020-м менавіта Орду даверылі кіраваць перадвыбарчай групай Лукашэнкі. Праўда, выбарчая кампанія, як паказала гісторыя, была правальнай.
І ў гэтым, як ні парадаксальна, другая перавага Орды. Ён гадамі праяўляў сябе як шэрага выканаўцу, няздатнага на якасны скачок. Для Лукашэнкі стратэгічна выгадна трымаць на топ-пасадах менавіта такіх людзей. Нават калі б яны з нейкіх прычын паспрабавалі кінуць выклік сістэме, у іх наўрад ці б нешта атрымалася.
Трэці аргумент за Орду — яго ўзрост. Для беларускай палітыкі 57 гадоў — гэта не малады і перспектыўны, а той, хто ўжо вяртаецца з кірмашу. Прыкладна ў такім жа ўзросце заступаў на пасаду і Андрэйчанка.
Фонава можна згадаць яшчэ і пра вопыт працы ў Палаце прадстаўнікоў — Міхаіл Орда засядаў там ажно тры скліканні, з 2000 да 2012.
Алег Раманаў
Калі «Белая Русь» будзе мець абсалютную большасць у парламенце, то не было б дзівам, каб яе старшыня стаў спікерам. Але для Лукашэнкі гэты варыянт можа падасца занадта рызыкоўным.
Алег Раманаў. Фота: Рада Федэрацыі РФ
Былога рэктара Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алега Раманава паклікалі ў вялікую палітыку толькі пазалетась. Кіраваць партыяй чыноўнікаў — важная місія, на якой можна зарабіць палітычны капітал на будучыню. І на гэтую пасаду, аналагаў якой раней не было, асцярожна паставілі Раманава — чалавек з рэгіёнаў, які ніколі раней не працаваў у Мінску, дый увогуле круціўся ва ўніверсітэцкіх колах, а не сярод сілавікоў.
Пасада спікера парламента адкрыла б перад Раманавым яшчэ большыя перспектывы — напэўна, завялікія для лукашэнкаўскай сістэмы.
Ірына Касцевіч
У беларускім парламенце нефармальна існуюць жаночыя квоты. Вядома, у законе гэтага не прапісана, але калі Адміністрацыя прэзідэнта падбірае кандыдатаў у дэпутаты пад будучае прызначэнне, доля жанчын падбіраецца трохі большая за траціну. Цяпер яна 35% — не сорамна паказаць у цывілізаваным свеце.
Ірына Касцевіч. Фота: beloi.by
Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч — добры варыянт для спікерства на выпадак, калі Лукашэнка вырашыць адправіць у адстаўку Наталлю Качанаву. Тая адначасова займае пасады спікера Савета Рэспублікі і памочніцы па Мінску, і часам складваецца ўражанне, што яе ў грамадскай прасторы зашмат. Качанава стала публічным палітыкам № 2 у лукашэнкаўскай сістэме, і гэта нясе рызыкі для яе самой.
Касцевіч 56 гадоў, яна перадпенсійнага веку. Новых палітычных амбіцый у яе не павінна ўзнікнуць, а захаваць бесканфліктную атмасферу парламента часоў Андрэйчанкі ёй удасца на выдатна.
Валер Малашка
Малашка быў недарэчным папярэднікам Касцевіч у міністэрстве працы. Недарэчным — бо яго пратрымалі на пасадзе менш за паўтара месяца, а пасля перавялі ў міністры здароўя. У Мінск Малашка вяртаецца з Магілёва, дзе апошнія гады працаваў віцэ-губернатарам.
Валер Малашка. Скрын відэа: MogilevNews / YouTube
Ён добра знае правілы гульні для чыноўнікаў на розных этапах, мае якія-ніякія наменклатурныя сувязі, але ніколі не забіраўся так высока, каб адтуль захацелася скочыць яшчэ вышэй. Чым не спікер?
Дарэчы, Валерый Малашка балатуецца па лукашэнкаўскай Шклоўскай акрузе.
Дзмітрый Шаўцоў
Адна з самых незвычайных патэнцыйных фігур — генеральны сакратар Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. Ён ужо быў дэпутатам у 2012-2019 гадах, а цяпер зноў вяртаецца ў парламент.
Дзмітрый Шаўцоў. Фота: БелаПАН
Шаўцоў даволі харызматычны, што капітальна б’е па яго перспектывах. Але ёсць і «перавага» — абсалютная таксічнасць. Медык уключаны, падаецца, ва ўсе магчымыя санкцыйныя спісы за свае паездкі ў «ДНР» з шаўронам Z. Украіна нават заклікала Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Шаўцова.
Уявіць, што такі чалавек займеў бы нейкую падтрымку з боку незалежнага грамадства, немагчыма. Затое прызначэнне Шаўцова было б рэверансам у бок Расіі.
Хто дакладна не будзе спікерам?
У нейкай іншай рэальнасці шанцы атрымаць пасаду спікера мелі б крыкуны накшталт Алега Гайдукевіча або камуніста Сяргея Клішэвіча — якія як мінімум гучней за ўсё прызнаюцца ў любові Лукашэнку. Але ў іх ёсць відавочныя палітычныя амбіцыі, і гэта гуляе супраць іх.
Чытайце яшчэ: