Беларусь з пачатку года падвоіла аб'ёмы паставак яек у Расію

Пастаўкі курыных яек з Беларусі ў Расію з пачатку года павялічыліся ўдвая і склалі 11,7 мільёна штук, паведаміла прэс-служба Рассельгаснагляду. Такую колькасць курыных яек Беларусь прадала ў Расійскую Федэрацыю ў першай дэкадзе студзеня.

09.01.2024 / 22:40

«За перыяд з 1 па 9 студзеня 2024 года пастаўлена 11,7 мільёна штук курыных харчовых яек. У параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года адзначаецца павелічэнне амаль удвая», — паведамілі ва ўстанове.

Там таксама адзначылі, што Беларусь стабільна пастаўляе харчовыя яйкі ў Расею: сярэднегадавы аб'ём складае больш за 630 мільёнаў штук. У 2023 годзе ў Расію было ўвезена больш за 510,8 мільёна беларускіх курыных яек.

Напрыканцы мінулага года стала вядома, што ў Расіі склалася сітуацыя з вострым дэфіцытам на рынку курыных яек. Гэта на сваёй прэс-канферэнцыі 14 снежня прызнаў нават расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Беларускія ўлады абяцалі з забеспячэннем расійскага рынку яйкамі дапамагчы без стратаў для ўнутраных патрэб. Паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі Сяргея Барташа, у Беларусі за месяц вырабляецца яек на 50% больш, чым спажывае насельніцтва.

Чытайце таксама:

Прадукты, якія ў Беларусі каштуюць танней, чым у суседніх краінах ЕС

Пуцін просіць яйкі. Колькі яны каштуюць у Беларусі і суседніх краінах

Беларусь гатовая падзяліцца з Расіяй лішнімі яйкамі

Nashaniva.com