«Халадней за -32°C пакуль не было». Навальны, якога кінулі за палярны круг, з самаіроніяй распавёў пра свае новыя ўмовы
Апазіцыянера Аляксея Навальнага, якога перавялі ў калонію асобага рэжыму «Палярны воўк» на Ямале, зноў адправілі ў штрафны ізалятар. У канале палітыка з’явіўся ягоны аповед пра новыя ўмовы ўтрымання. Прынамсі, пачуцця гумару Навальны пакуль не страціў.
10.01.2024 / 10:57
«Думка пра тое, што Пуцін задаволены тым, што ўпёк мяне ў барак на Крайняй Поўначы, і цяпер мяне перастануць мурыжыць у ШІЗА, была не толькі маладушнай, але і наіўнай.
Толькі я выйшаў з каранціну, як «асуджаны Навальны адмовіўся прадставіцца па форме, на выхаваўчую працу не рэагуе, належных высноў для сябе не робіць». 7 сутак ШІЗА».
Навальны распавядае, што тых, хто ў ШІЗА, на прагулку выводзяць у самы люты мароз — на світанку.
«Прыгожая дэталь: у штрафным ізалятары трохі іншы распарадак дня. У звычайным — прагулка пасля абеду, і хоць цяпер палярная ноч, усё роўна пасля абеду на некалькі градусаў цяплей.
А ў ШІЗА прагулкі а 6:30 раніцы. Але я ўжо паабяцаў сабе, што буду старацца выходзіць на шпацыр у любое надворʼе», — распавёў палітык.
Навальны апісаў свой прагулачны двор: 11 крокаў ад сцяны і 3 да сцяны — «асабліва не разгуляешся».
Прыкладна так выглядае дворык для прагулак у Аляксея Навальнага цяпер
«Халадней за -32°C пакуль не было. Але нават і пры такой тэмпературы больш за паўгадзіны можна шпацыраваць, толькі калі паспяваць адрошчваць новы нос, вушы і пальцы. Мала што так бадзёрыць, як прагулка на Ямале ў 6:30 раніцы. А ўжо які выдатны свежы ветрык задзімае ў двор, нягледзячы на бетонны плот, прама ух!» — іранізуе палітык.
Навальны прыйшоў да думкі, што герой Леанарда Ды Капрыа з фільма «Выжылы» ў яго ўмовах не ўратаваўся б.
«Сёння вось гуляў, мёрз і думаў пра Леанарда Ды Капрыа і трукі яго героя з мёртвым канём у фільме «Выжылы». Не думаю, што тут бы гэта спрацавала. Мёртвы конь тут бы прамёрз хвілін за 15.
Кадр з фільма «Выжылы»
Тут патрэбны слон, гарачы слон, смажаны. Калі разрэзаць жывот разагрэтаму слану і залезці ў яго, то нейкі час можна пагрэцца. Але дзе я на Ямале вазьму гарачага смажанага слана, ды яшчэ і а 6:30 раніцы? Прыйдзецца мерзнуць», — напісаў Навальны.
У пачатку снежня паплечнікі палітыка страцілі з ім сувязь, амаль тры тыдні не было вядома, дзе ён. Пазней высветлілася, што ён у ПК-3 «Палярны воўк» у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.
Умовы там жорсткія, з асобым рэжымам, у зоне вечнай мерзлаты. «Туды вельмі складана дабрацца і гэта максімальна магчымы ўзровень ізаляцыі ад свету», — распавялі паплечнікі палітыка.
Да таго ж, Навальнага ўвесь час саджаюць у ШІЗА пад рознымі падставамі. Да цяперашняй калоніі яго 23 разы адпраўлялі ў ШІЗА.
Чытайце таксама: