Скандал вакол маці Валерыя Кавалеўскага. Хто запусціў інфармацыйную кампанію і ў чым сутнасць абвінавачанняў?
Самая магутная інфармацыйная кампанія пачатку 2024 года ў апазіцыйных колах — атака на намесніка старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета Валера Кавалеўскага. Апаненты спрабуюць выставіць яго «агентам» і тарпедаваць рэпутацыю дыпламата праз асобу яго маці.
11.01.2024 / 01:07
Адкуль пачалася атака? Адтуль жа, адкуль ішла і папярэдняя, супраць сузаснавальніка ініцыятывы By_help Аляксея Лявончыка.
Гэта супольнасць з тэлеграм-канала «Аб'яднаны штаб супраціву» (на меркаванне «Байпола», за АШС стаіць Андрэй Абозаў, які цяпер жыве ў Эстоніі), палітолага Дзмітрыя Балкунца, прэтэндэнта ў прэзідэнты-2020 Валерыя Цапкалы. Балкунец за тыдзень напісаў у сваім канале 15 (!) допісаў, прысвечаных Валерыю Кавалеўскаму.
У папярэдняй сітуацыі супольнасць апелявала да айчыма жонкі Лявончыка — бо той працаваў у Радзе бяспекі. А Лявончык у адказ даводзіў, што не падтрымлівае адносіны з цесцем ужо амаль 10 гадоў. На гэтым абмеркаванне скончылася, і ўвага пераключылася на наступную тэму.
Цяпер гаворка пайшла пра маці Валерыя Кавалеўскага. Людміла Кавалеўская доўгі час жыла ў Расіі, атрымала расійскае грамадзянства і нават уступіла ў «Адзіную Расію». Апроч таго, жанчына з’яўлялася прадстаўніком гандлёвай карпарацыі Удмурцкай Рэспублікі ў Беларусі. Загучалі абвінавачванні пра чарговы «расійскі» след у дэмакратычных сілах Беларусі.
Людміла Кавалеўская (другая справа) на сустрэчы з беларускімі чыноўнікамі. Фота: @ostorojnovirusSvobody / Telegram
Кавалеўскі адмовіўся каментаваць сітуацыю «Нашай Ніве», але даў некалькі інтэрв'ю іншым СМІ.
У эфіры «Еўрарадыё» Кавалеўскі распавёў, што яго маці, якая нарадзілася на Палессі, па ўласнай ініцыятыве паехала працаваць у Расію, дзе былі добрыя магчымасці для яе прафесійнай рэалізацыі.
Доўгі час Людміла Кавалеўская пражыла ў Іжэўску (Удмурція). Там яна займалася грамадскай дзейнасцю, брала ўдзел у працы беларускай дыяспары. У 2017 годзе як кандыдат ад «Адзінай Расіі» Людміла ўдзельнічала ў выбарах, але не перамагла. Для таго, каб удзельнічаць у выбарах, яна адмовілася ад беларускага грамадзянства.
Па словах Валерыя, яго маці з 2020 года жыве ў Беларусі. Яна аднавіла беларускае грамадзянства і добраахвотна выйшла з расійскага. Таму, маўляў, жанчына зараз не можа быць сябрам ніякай палітычнай партыі ў Расіі.
Ва Удмурціі Людміла Кавалеўская працавала на «Гандлёвы дом «Беларусь». Але, як адзначае Валерый, гэта была прыватная, а не дзяржаўная структура. Таму нельга гаварыць, што гэта быў нейкі дзяржаўны орган прасоўвання беларускай прадукцыі.
Людміла Кавалеўская. Фота: @ostorojnovirusSvobody / Telegram
Цяпер Людміла Кавалеўская зʼяўляецца прадстаўніком удмурцкай гандлёвай карпарацыі ў Беларусі — «свабодным агентам» па прасоўванні прадукцыі, што вырабляецца ва Удмурціі, на беларускі рынак.
Як распавёў Валерый Кавалеўскі, маці з павагай паставілася да яго рашэння далучыцца да каманды Святланы Ціханоўскай. Але гэта стварыла для яе пэўныя рызыкі.
У інтэрвʼю «Радыё Ўнэт» Кавалеўскі дадаў, што спецслужбы неаднаразова выклікалі маці на размовы, а восенню мінулага года ў яе кватэры быў праведзены ператрус. Зрэдку Людміла бывае за мяжою, дзе сустракаецца з сынам і ўнукам.
У тэлеграм-канале OSINT «Феникс», які пазіцыянуе сябе як «праект ускрыцця прарасійскай агунтуры ў шэрагах апазіцыі» адрэагавалі на тлумачэнні Валерыя Кавалеўскага адносна адсутнасці ў яго маці расійскага грамадзянства. Яны пераконваюць, што расійскі пашпарт Людмілы Кавалеўскай не значыцца сярод несапраўдных, таму яна працягвае быць грамадзянскай Расіі.
Чытайце яшчэ:
Былая рэдактарка Чорнай кнігі Беларусі выступіла са скандальнымі заявамі — і пачаліся разборкі на ўвесь інтэрнэт
«Байпол» выклаў сваю версію расколу арганізацыі: спецслужбы, «штаб супраціву», Балкунец і Цапкала