«Кіберпартызаны» падрыхтавалі парады, на што звяртаць увагу пры камунікацыі з незнаёмымі ці новымі людзьмі ў сваім атачэнні і як паводзіць сябе з імі.
Інтэрв'ю «Кіберпартызанам» даў спецыяліст, які займаецца праверкаю і выяўленнем агентаў за мяжой. Ён падкрэслівае, што сама вярбоўка — цэлы комплекс мерапрыемстваў, падчас якіх чалавека распрацоўваюць і схіляюць да супрацы.
Пры гэтым падставамі для вярбоўкі могуць быць:
ідэйна-палітычныя погляды, матэрыяльная зацікаўленасць, маральна-псіхалагічныя якасці, кампраметуючыя матэрыялы. Часам для вярбоўкі чалавека выкарыстоўваюць пагрозы на адрас блізкіх людзей.
З 2021 года, як сцвярджаецца ў матэрыяле, пасля таго, як «Кіберпартызаны» фактычна паралізавалі працу агентаў КДБ з-за доступаў да баз іх супрацоўнікаў, рэжым пачаў шукаць іншыя магчымасці для працы за мяжой, звяртаючыся да старой савецкай школы.
У прыватнасці, сталі выкарыстоўваць раней судзімых за цяжкія злачынствы. Эфектыўнасць такіх «агентаў» сумнеўная, але ў сваёй масавасці не бессэнсоўная, і не выключана, што яшчэ прынясе пэўны дыскамфорт беларусам, а таксама краінам, у якіх яны знаходзяцца.
Ці ёсць нейкія асаблівасці паводзін, па якіх можна вылічыць агента пры асабістых зносінах?
Спецыяліст раіць звярнуць увагу на незвычайныя паводзіны суразмоўцы ці пазбяганне адказаў на канкрэтныя пытанні. Агенты могуць праяўляць залішнюю асцярожнасць або недастатковую дасведчанасць у адносінах да канкрэтных тэм, могуць празмерна стрэсаваць у нечаканых сітуацыях.
Падазрэнне павінны выклікаць раптоўныя змены ў ладзе жыцця, фінансах або сацыяльнай актыўнасці чалавека, з якім вы даўно знаёмыя.
Спецыяліст раіць назіраць, з кім чалавек падтрымлівае сувязь. Падставай насцярожыцца могуць стаць незвычайныя сувязі, звышактыўнасць або частыя кантакты з людзьмі, якія нядаўна зʼявіліся ў атачэнні вашага знаёмага.
На што звяртаць увагу пры прыёме чалавека ў арганізацыю? Што можа выдаць агента?
Спецыяліст раіць пры магчымасці праверыць мінулае і рэпутацыю кандыдата. Калі інфармацыя, якую вы даведаліся з іншых крыніц, не адпавядае аповедам чалавека пра сябе, гэта сурʼёзная нагода насцярожыцца.
Падазрэнне павінны выклікаць нелагічныя адказы або пазбяганне пэўных тэм размовы. Агенты могуць быць залішне асцярожныя ці няўдала імправізаваць.
Па магчымасці рэкамендуецца вывучыць фінансавы бок жыцця новага патэнцыйнага супрацоўніка. Няясныя крыніцы даходу або неадпаведнасць узроўню жыцця таксама могуць выклікаць падазрэнне.
Агент у арганізацыі можа выдаць сябе па-рознаму. Напрыклад:
Даў ілжывую інфармацыю пра сваё мінулае, навыкі або досвед.
Дзейнічае без ясных матываў, прыцягвае ўвагу неадпаведнымі пытаннямі. Нагодай для праявы асцярожнасці ў камунікацыі з чалавекам зʼяўляецца яго залішняя зацікаўленасць да адчувальнай інфармацыі, задаванне вялікай колькасці пытанняў замест удзелу ў выкананні задач, празмерная балбатня і наводзячыя пытанні, накіраваныя на тое, каб «вывудзіць» інфармацыю пра арганізацыю або яе чальцоў.
Завербаваны чалавек можа бясконца зацягваць абмеркаванні бескарыснымі спрэчкамі, ствараць непрымальную абстаноўку ў калектыве, плесці інтрыгі і распускаць чуткі. Ён можа праяўляць дзіўныя ці незвычайныя паводзіны, напрыклад, рабіць пастаянныя спробы доступу да абмежаваных зон, пераацэньваць меры бяспекі, спрабаваць увайсці ў давер з мэтай атрымаць асабістыя звесткі і г. д.
Спецыяліст раіць кіраўніцтву прапісаць узроўні доступу да адчувальнай інфармацыі і нагадваць чальцам арганізацыі пра меры бяспекі. Для праверкі / верыфікацыі кандыдатаў варта наладзіць кантакт са спецыялістамі па бяспецы «Кіберпартызан».
Як праверыць чалавека, калі падазраеш, што ён працуе на рэжым?
Калі ў вас сурʼёзныя падазрэнні, лепш за ўсё звярнуцца да мясцовых праваахоўных органаў або спецыялістаў па бяспецы «Кіберпартызан» праз ананімны бот — @ cpartisans_bot.
Перад зваротам неабходна сабраць як мага больш канкрэтных доказаў. Але пры гэтым заўсёды трэба памятаць пра выкананне законаў краіны, у якой знаходзіцеся. У працэсе расследавання абавязкова трэба забяспечыць канфідэнцыйнасць, каб пазбегнуць уцечкі інфармацыі і захаваць бяспеку ўцягнутых людзей.
Як не трапіцца «на вуду» агентам і не стаць іх міжвольным інфарматарам?
У першую чаргу трэба быць асцярожным у зносінах з малазнаёмымі людзьмі, не давяраць першаму сустрэчнаму.
Акрамя таго, варта прытрымлівацца некаторых асноўных прынцыпаў:
праяўляць асцярожнасць у зносінах і пазбягаць абмеркавання адчувальнай інфармацыі пры старонніх;
- берагчы свае асабістыя даныя, такія як адрас, тэлефон і не даваць гэтую інфармацыю незнаёмым людзям без крайняй на тое неабходнасці;
- быць пільным у анлайн-зносінах, нават у закрытых чатах і групах;
- не ўступаць у падазроныя адносіны, сцерагчыся блізкіх адносін з людзьмі, чые паводзіны здаюцца дзіўнымі ці незвычайнымі;
- быць уважлівым да навакольных людзей і падзей, не ігнараваць патэнцыйныя прыкметы рызыкі.
Спецыяліст раіць у выпадку, калі ў вас ёсць падазрэнні ці адчуваеце, што нешта не так, лепш звярнуцца па дапамогу да прафесіяналаў у галіне бяспекі.
Што рабіць, калі спецслужбы прымушаюць да супрацоўніцтва?
Захоўвайце доказы вярбоўкі: паведамленні, запісы і інш.
Калі спрабуюць завербаваць шляхам шантажу, пры першай жа магчымасці звярніцеся да праваахоўных органаў у дэмакратычнай краіне і паведаміце аб спробах вярбоўкі. Яны могуць даць вам кансультацыі і прыняць неабходныя захады.
Падзяліцеся інфармацыяй аб тым, што адбываецца, з даверанымі людзьмі ў вашым жыцці. Гэта можа быць сямʼя, сябры ці калегі.
Пазбягайце прыняцця паспешлівых рашэнняў пад уздзеяннем страху.
Абарона вашай бяспекі і вашых блізкіх зʼяўляецца прыярытэтам, але, калі ласка, рабіце ўсвядомленыя і абдуманыя крокі. Вашы дзеянні здольныя паўплываць на лёс не аднаго чалавека.
У любым выпадку пры спробе вашай вярбоўкі неадкладна звяртайцеся па дапамогу да адпаведных службаў у дэмакратычных краінах або спецыялістаў «Кіберпартызан» (ананімны бот для сувязі — @cpartisans_bot).
Спецыяліст просіць памятаць, што калі вы пагадзіцеся супрацоўнічаць са спецслужбамі Лукашэнкі, а затым не паведамілі ў службу бяспекі той краіны, куды вас адпраўляюць «збіраць інфармацыю», вы можаце быць пазбаўленыя волі па артыкуле аб шпіянажы на працяглы тэрмін, бо парушаеце законы іншай дзяржавы. Рэжым ужо не раз прадэманстраваў, што ён ахвотна «злівае» людзей, з якімі пагуляў у шпіёнаў.
Чытайце яшчэ:
Афіцэр КДБ уключыўся ў жывы эфір семінара па бяспецы ў Беларускім моладзевым хабе
Месенджары, камеры, жучкі. Як спецслужбы могуць праслухоўваць беларусаў і чаго асцерагацца?
Сілавікі просяць беларусаў фатаграфаваць перамяшчэнні вайскоўцаў за мяжой — галоўны памежнік Літвы
Каментары