Харызматычны драпежнік нашых лясоў. Таямніцы беларускай рысі
Як рысь з'явілася на гербах гарадоў, колькі кацянят рысі дажывае да першага года жыцця і чаму гэты вялікі кот такі прывабны для паляўнічых, тлумачыць «Зялёны партал».
11.01.2024 / 00:15
Рысь уваходзіць у лік самых харызматычных відаў жывёл нашай фауны. Гэта прыгожы і мілы кот — лічаць адныя, вялікі і небяспечны драпежнік — лічаць другія.
У лесе рысь бачылі нямногія. Каб зрабіць фатаграфію гэтага дзікага ката ў прыродзе, патрабуецца нямала намаганняў і шанцавання. Звычайна рысь можна ўбачыць сярод жыхароў заапаркаў ці ў якасці трафеяў — на паляўнічых выставах і экспанатаў — у музеях.
Чучала рысі ў Музеі прыроды Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»
Пры гэтым вобраз дзікага і небяспечнага ката часта прадстаўлены ў геральдыцы. Рысь ёсць і на гербе нашага Гомеля, і на гербах некаторых гарадоў Расіі, Латвіі ды Літвы. Выява рысі ёсць на манетах Паўночнай Македоніі, Літвы, Расіі, была яна і на папяровых купюрах грашовых знакаў Рэспублікі Беларусь у пачатку 1990-х.
Рысь у якасці свайго сімвала абралі нават беларускія сілавікі. У 2017 годзе ў СМІ нарабіла шмат шуму інфармацыя пра намеры адлавіць у лясах Беларусі рысяў для ўтрымання ў вальеры вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС Беларусі.
У выніку для яе набылі рысянят у расійскім зверасаўгасе «Салтыкоўскі». Гэты зверасаўгас разводзіць рысяў і прадае кацянят як для клеткавай гадоўлі, так і для ўтрымання ў прыватных заапарках. Рысянят, старэйшых за два месяцы, прапануюць купіць па цане каля 1 110-1 200 даляраў ЗША.
Рысяня, выгадаванае на звераферме
Рысь вядомая як адзін са звяроў, які найлягчэй прыручаецца. Прыручэнню паддаюцца нават дарослыя рысі, злоўленыя капканамі. Гэтага дзікага ката часцяком трымаюць у якасці хатняга ўлюбёнца. Для некаторых утрымліваць рысь у сябе дома — модна і прэстыжна.
У жніўні-кастрычніку 2019 года ў Беларусі праходзіла кампанія ў абарону рэдкай кошкі ад палявання. Петыцыю ў абарону рысі падпісалі 4 590 чалавек.
На працягу апошніх 20 гадоў паляўнічыя неаднаразова прапаноўвалі дазволіць паляванне на рысяў у Беларусі. У лістападзе 2023 года кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч заявіў, што дынаміка папаўнення папуляцыі па рысі, якая сёння назіраецца ў краіне, дазваляе паляўнічым адкрываць фрагментарнае паляванне на рысяў па квотах, і сітуацыя нібыта нават змушае да гэтага.
Ёсць лес — ёсць рысь
Еўразійская рысь (навуковая назва віду Lynx lynx), шырока распаўсюджаная па тэрыторыі Еўразіі. Асноўная частка яе гістарычнага арэала — ад Скандынавіі праз Расію і Цэнтральную Азію — у значнай ступені спрыяе яе захаванню як віду.
Арэал рысі ў Еўразіі
Месцы для жыцця на паўднёвым захадзе і захадзе агульнага арэала рысі невялікія і шырока падзеленыя паміж сабой. Да пачатку XIX стагоддзя ад мінулага суцэльнага арэала рысі на захадзе засталося некалькі выспаў. Нароўні з разбурэннем месцаў для жыцця на знікненні рысі адбіваўся і непасрэдны пераслед. Жывёл знішчалі як шкоднікаў для жывёлагадоўлі, знішчальнікаў дзічыны і проста падчас палявання.
Паводле ацэнкі навукоўцаў, у 1930-1940-я гады працэс знікнення рысі дасягнуў кульмінацыі. На тэрыторыі Белавежскай пушчы былі два перыяды амаль поўнага яе знішчэння: у 1890-1914 гадах і ў 1960-1970 гадах. У гэты час рысь наўмысна нішчылі як канкурэнта чалавека за капытных жывёл.
Як толькі пераслед быў спынены, папуляцыя рысі паступова аднавілася, у асноўным за кошт міграцыі з буйных суцэльных лясоў на ўсходзе і паўночным усходзе.
У наш час у Еўропе рысь жыве толькі ў тых краінах, дзе захаваліся вялікія лясныя масівы.
У такіх краінах, як Польшча, Беларусь ці Літва рысь мае вельмі фрагментаванае распаўсюджанне, жывучы на лясных участках, ізаляваных адзін ад аднаго сельскагаспадарчымі ўгоддзямі і гарадскімі агламерацыямі.
У глабальных маштабах адной з прычын скарачэння гэтага віду з'яўляецца таксама незаконны міжнародны гандаль. Рысі падпадаюць пад дзеянне Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (СІТЭС). Від унесены ў шэраг «чырвоных» спісаў краін, міжнародных «чырвоных» спісаў МСАП і дадатку III Бернскай канвенцыі.
Ілюстрацыйная выява
Пералічыць усіх — місія невыканальная
Звесткі пра колькасць рысяў у свеце супярэчлівыя і адрозніваюцца ў розных крыніцах.
Рысяў Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі а таксама часткі Украіны адносяць да балтыйскай папуляцыі. Яе агульную колькасць ацэньваюць у 1 200-1 500 асобін.
Суседнія Карпацкая папуляцыя (Румынія, Славакія, Польшча, Украіна, Чэхія, Венгрыя, Сербія, Балгарыя) — 21-24 тысячы рысяў, скандынаўская (Нарвегія, Швецыя ) — 13-18 тысяч, фінская — 2,5 тысячы рысяў.
Па іншых звестках, уся еўрапейская папуляцыя Рысі (разам з тэрыторыяй Расіі да Уральскіх гор) налічвае 18-20 тысяч жывёл. Лічыцца, што ва ўсіх лясах Расіі жыве каля 30-32 тыс. асобін рысі — у 10 разоў менш, чым бурых мядзведзяў.
Рысь вельмі складана ўлічваць. Цяпер для ўліку ў асноўным выкарыстоўваюць фотапасткі. Ёсць спецыяльныя праграмы, якія апрацоўваюць даныя з фотапастак і распазнаюць кожную асобіну індывідуальна, так што можна даволі дакладна палічыць пагалоўе гэтага драпежніка. Аднак гэта даволі дарагі спосаб уліку, і ў Беларусі ён выкарыстоўваецца толькі ў асобных месцах, на тэрыторыях з асаблівым рэжымам аховы.
Размеркаванне рысі па тэрыторыі Еўропы
На тэрыторыі Беларусі рысь уключылі ў першае выданне Чырвонай кнігі БССР у 1981 годзе. У 1993 годзе яна засталася ў Чырвонай кнізе Беларусі як від, колькасць якога скарачаецца. Да моманту наступнага выдання Чырвонай кнігі ў 2004 годзе яе колькасць, па афіцыйных даных, складала 200-280 асобін.
Размеркаванне рысі па тэрыторыі Беларусі
З трох рысянят толькі адно дажывае да свайго першага дня нараджэння
Рысь — лясная жывёліна. У Беларусі рысь трымаецца буйных змешаных іглічна-лісцяных і хваёвых старых лясоў. Яна аддае перавагу глухім, маладаступным участкам лесу з густым падлескам, заваламі і бураломам. Важную ролю ў выбары месцаў пражывання адыгрываюць багацце дзічыны, якая служыць жывёліне ежай, і наяўнасць спакойных участкаў для адпачынку.
Рысь, як драпежнік, знаходзіцца практычна на вяршыні харчовага ланцуга. Каб яго было шмат, павінна быць вялікая колькасць аб'ектаў яго харчавання (зайцы, казулі, алені, дзікі, бабры, цецеруковыя птушкі). Аднак наяўнасць ежы — гэта яшчэ не гарантыя поспеху.
Рысь размнажаецца павольна. Кацяняты становяцца полаваспелымі да канца другога года жыцця. Часцяком упершыню рысь нараджае кацянят ва ўзросце трох-чатырох гадоў, і многія маладыя жывёлы да гэтага ўзросту нават не дажываюць.
Жыве рысь у прыродзе ў сярэднім усяго 4-5 гадоў, хоць пры спрыяльных умовах дажывае да 15-16 гадоў. Аднак да 2/3 рысянят не дажываюць і да года.
У 1991-1994 гадах з дапамогай выкарыстання радыёашыйнікаў і тэлеметрыі навукоўцы ў Белавежскай пушчы высветлілі, што смяротнасць кацянят складала не менш за 48 %.
Міфы пра рысяў
Тысячагоддзі сумеснага суіснавання чалавека і буйных дзікіх катоў фармавалі стэрэатыпнае стаўленне да іх як да небяспечнага драпежніка і канкурэнта.
Самым распаўсюджаным на сёння застаецца міф пра тое, што рысь нападае на чалавека, скачучы з дрэва. Хоць невядома ніводнага пацверджанага выпадку, каб рысь наўмысна падкрадалася і забівала чалавека.
Дзікая жывёліна можа напасці абараняючыся, калі яна параненая або хворая. Пры гэтым рысь можа нанесці чалавеку зубамі і кіпцюрамі сур'ёзныя раны. Яна ніколі не скача на сваю ахвяру (зайца або казулю) з дрэва, але можа падпільноўваць яе ў засадзе або падкрадацца.
Пакрычаць з верхавіны дрэва і забіць ваўкоў
Тэрыторыя Налібоцкай пушчы — адзін з асноўных цэнтраў вывучэння паводзін і біялогіі рысі ў Беларусі з пачатку 1990-х гадоў. Дзякуючы даследаванням доктара біялагічных навук Вадзіма Сідаровіча і ягоных калег, было атрымана шмат новых і цікавых звестак пра жыццё рысі ў Налібоцкай пушчы.
Рысі аказаліся значна больш сацыяльнымі жывёламі, чым прынята лічыць. У асноўным яны палююць з засад і ствараюць значныя праблемы для ваўкоў.
Участкі для размнажэння настолькі важныя для рысяў, што дарослыя самцы рысі на працягу ўсяго халоднага сезона знаходзяцца паблізу гэтых месцаў на сваёй тэрыторыі. Яшчэ адна цікавая асаблівасць шлюбнага паводзін рысяў: самцы залазяць высока на дрэвы, адкуль іх шлюбныя крыкі чутныя на адлегласці больш за кіламетр.
На думку Вадзіма Сідаровіча, у Беларусі рысі, у першую чаргу дарослыя самцы, стрымліваюць размнажэнне ваўкоў, часта забіваючы іх шчанюкоў і цяжарных самак. І гэта ўплывае на стан папуляцыі ваўкоў. Часам вельмі моцна ў асобных месцах і сезонах.
Трапіць мачой у метку і забяспечыць кормам «некрабіём»
Дарослыя самцы рысі, падобна да хатніх катоў, пазначаюць сваю тэрыторыю кроплямі мачы, якую невялікімі порцыямі распырскваюць моцным струменем. Пацешнае ў гэтым працэсе — тое, як рысі здольныя накіроўваць мачу ў адну і тую ж маленькую (каля 3 см) пляму, якое знаходзіцца звычайна на ствалах дрэў, кустах або камянях вышэй за іх рост.
Порцыі мачы з'яўляюцца ў адной і той жа маленькай пляме ў адным месцы, хоць пазнакі наносяць розныя рысі. Нават калі папярэдняя метка злёгку прысыпаная снегам, мача накіроўваецца дакладна ў тую ж самую маленькую пляму.
Рысь — пастаўшчык ежы для іншых відаў. Тушы аленяў або казуль, часткова з'едзеных рыссю, павялічваюць круглагадовую даступнасць падлы для іншых відаў жывёл.
Важнасць недаедзеных ахвяр рысі для падтрымання біяразнастайнасці іншых відаў, што харчуюцца падлай
Трупы капытных і іншых відаў жывёл — рэсурс, які, падтрымлівае жыццё многіх насельнікаў лесу: птушак і звяроў. Да прыкладу, тушы загінулых капытных — важны харчовы рэсурс для мядзведзяў ранняй вясной, калі для іх вельмі мала іншага корму.
На тушах забітых і не даедзеных рыссю жывёл развіваецца ўнікальная супольнасць арганізмаў: жывёл, бактэрый і грыбоў, вядомая навукоўцам пад агульнай назвай «некрабіём».
Браканьеры, дарогі і платы
Браканьерства ва ўсёй Еўропе з'яўляецца адной з галоўных пагроз выжыванню рысі. Наяўнасць статусу аховы не гарантуе яго безумоўнага прытрымлівання.
Браканьерства было найбольш важным фактарам, які абмяжоўваў колькасць рысі ў Белавежскай пушчы ў 1991-1994 гадах. Смяротнасць ад браканьерства складала 71% агульнага гадавога ўзроўню смяротнасці рысяў.
Ніхто з навукоўцаў не дасць канкрэтных даных, калі папуляцыя рысі можа «ўпасці». У дачыненні да такога харызматычнага віду, як рысь, заўсёды прысутнічае фактар браканьерства. Калі да гэтага дадаць афіцыйны дазвол на паляванне, ва ўмовах Беларусі папуляцыя рысі можа хутка «скончыцца».
Яшчэ адной сур'ёзнай пагрозай з'яўляецца будаўніцтва высакахуткасных дарог і аўтамагістраляў, якія падзяляюць асяроддзе пражывання рысі.
Фрагментацыя агульнай тэрыторыі пражывання рысі ў выніку дзейнасці чалавека: платы ўздоўж межаў, калючы дрот і мінныя палі — ствараюць смяротныя перашкоды на шляху жывёл.
Новы план кіравання
Для захавання папуляцыі рысі ў Беларусі ў 2011 годзе быў прыняты «План кіравання папуляцыяй рысі еўрапейскай у Рэспубліцы Беларусь». Экалагічна патэнцыйная колькасць рысі ў Беларусі ў плане кіравання склала 1 520 жывёл пры ўмове, што стан кармавой ёмістасці лясных угоддзяў для яе застанецца на ўзроўні 2006-2008 гадоў.
На думку першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслава Пірштука, кармавой базы ў лясах Беларусі дастаткова і на 2 000 рысяў. Пра гэта ён расказаў падчас «гарачай тэлефоннай лініі» ў траўні 2020 года. Недазаселенасць тэрыторыі ў цэлым па краіне складае каля 35% ад аптымальнай колькасці рысяў.
У 2021 годзе колькасць рысяў дасягнула 1 002 асобін або толькі 66,8% ад экалагічна патэнцыйнай яе колькасці. У 2022 годзе на аснове даных анкетнага апытання навукоўцы налічылі на тэрыторыі Беларусі каля 1 100-1 200 асобін рысяў. Па іх даных, колькасць рысяў павялічылася амаль у 3 разы ў параўнанні з данымі за 2006-2009 гады (390 асобін), але ўсё яшчэ не дасягнула экалагічна патэнцыйнай колькасці.
У цяперашні час навукоўцы НПЦ НАН па біярэсурсах працягваюць даследаванні па вызначэнні колькасці рысі ў Беларусі і стану яе папуляцыі. На аснове гэтых даных будуць прымацца рашэнні аб прыродаахоўнай катэгорыі і захаванні рысі ў новай рэдакцыі Чырвонай кнігі ў 2024 годзе.
Акрамя таго, для прыняцця рашэння аб рэгуляванні колькасці гэтага рэдкага віду павінен быць распрацаваны і зацверджаны новы План кіравання папуляцыяй рысі ў Беларусі.
Асноўныя пагрозы застаюцца
Павелічэнне колькасці рысяў у апошнія гады, магчыма, звязана з павелічэннем колькасці капытных у лясах Беларусі. Па заключэнні навукоўцаў, колькасць казулі павялічылася прыкладна ў шэсць разоў за апошнія дваццаць гадоў. І колькасць рысі таксама павялічылася. Таму нельга сцвярджаць, што рысь адыгрывае ключавую ролю ў знішчэнні казуль.
Не страцілі актуальнасці ў беларускіх лясах асноўныя пагрозы, якія аказваюць негатыўны ўплыў на колькасць рысяў: высечка стараўзроставых лясоў, рэкрэацыйная нагрузка (у тым ліку паўсюдны збор ягад і грыбоў, адпачынак у лясах), узворванне зямель, асушэнне балот, будаўніцтва дарог і платоў на шляхах міграцыі, асенне-зімовае загоннае паляванне з выкарыстаннем сабак.
Такім чынам, на сёння падстаў для выключэння віду з Чырвонай кнігі няма. Рысь — гэта той драпежнік, чыя колькасць не можа павялічвацца бязмерна. Яна вельмі залежыць ад наяўнасці ахвяр. У рысі вялікія лясныя тэрытарыяльныя ўчасткі і вельмі невялікая нараджальнасць ды выжывальнасць.
Ілюстрацыйны малюнак
Каб не было шмат лісіц ды баброў
Складаныя ўзаемаадносіны паміж рознымі жывёламі ў прыродзе поўныя драматычных момантаў. Рысь у стане забіць дарослую ваўчыцу, яна палюе на янотападобнага сабаку і лісіцу — віды, якія паляўнічыя гаспадаркі ў Беларусі абвясцілі непажаданымі.
Рысі — адзін з натуральных механізмаў стрымлівання колькасці баброў, якія падчас павелічэння колькасці ў Беларусі ствараюць шэраг праблем, падтапляючы ўчасткі лясоў або ладзячы дамбы і норы ў непажаданых для людзей месцах.
З мэтай вярнуць гэтага харызматычнага драпежніка ў прыроду папуляцыі рысяў аднаўлялі ў Швейцарыі, Славеніі, Італіі, Чэхіі, Аўстрыі, Германіі, Францыі.
Чытайце таксама:
Найбольш паспяховы ў катэгорыі «алень». Якія паляўнічыя трафеі мае былы міністр Шуневіч і яго жонка?
«Колькасць мядзведзяў галапуе ў нашай краіне». Шуневіч прапанаваў шляхі вырашэння праблемы
У Беларусі створаць новую Чырвоную кнігу і выключаць з яе некаторыя віды
Шуневіч: Трэба выключыць з Чырвонай кнігі зуброў, мядзведзяў і рысяў, а на буслоў пачаць паляваць