Пуцін ганарыцца, што эканоміка Расіі стала першай у Еўропе. Але ці так гэта?

На сустрэчы з далёкаўсходнімі прадпрымальнікамі Уладзімір Пуцін заявіў, што, хоць Расію і «душаць» з усіх бакоў, яе эканоміка стала першай па аб'ёме ў Еўропе. Гэтыя заявы растыражавала і беларуская прапаганда. Але ці ёсць чым ганарыцца насамрэч?

13.01.2024 / 16:07

Фота: Contributor Getty Images

Па якім паказчыку Расія на першым месцы ў Еўропе

Апісваючы эканамічныя дасягненні, прэзідэнт РФ спасылаецца на такі паказчык, як ВУП па парытэце пакупной здольнасці (ППЗ). ВУП па ППС простымі словамі — гэта вымярэнне ВУП розных краін з карэкціроўкай на кошт жыцця ў розных дзяржавах. Рабіць гэта неабходна для міжнароднага параўнання, бо ў розных краінах адзін і той жа набор тавараў і паслуг будзе каштаваць па-рознаму, нават калі лічыць у адной і той жа валюце.

Па словах Пуціна, па гэтым паказчыку Расія апярэдзіла Германію і заняла пятае месца ў свеце — пасля Кітая, ЗША, Індыі і Японіі. Гэта сапраўды так, калі прытрымлівацца даных World Economics.

Па даных МВФ, у 2022-2023 гг. доля ВУП Германіі ў сусветным ВУП, разлічаная па ППЗ, усё ж была большай. Але ў любым выпадку агучаныя Пуціным лічбы наўрад ці падстава для гонару.

Параўнанне халоднага з цвёрдым

Экспертка BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што памер ВУП па ППЗ — не той эканамічны паказчык, які аптымальна падыходзіць для міжкраінавага параўнання і сведчыць пра поспехі ў эканоміцы.

«Калі ранжыраваць краіны па гэтым паказчыку, то на першым месцы знаходзіцца Кітай, на другім ЗША, а на трэцім — Індыя».

Экспертка кажа, што правільней параўноўваць эканомікі розных краін па ВУП па ППЗ на душу насельніцтва.

«Усе краіны розныя памерамі. У краінах, дзе больш пражывае і працуе людзей, больш рэсурсаў для вытворчасці тавараў і паслуг. Няслушна параўноўваць сукупны ВУП па ППЗ, напрыклад, Індыі і Балгарыі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Памеры эканомікі Індыі і колькасць занятых у нацыянальнай эканоміцы людзей непамерна большыя, чым у Балгарыі. Аднак гэта не азначае, што эканоміка Індыі багацейшая. Таму для дакладнейшага параўнання разлічваецца ВУП па ППЗ на душу насельніцтва», — тлумачыць Лузгіна.

У пераліку на душу насельніцтва не ўсё так радасна

Менавіта з прычыны таго, што Расія па насельніцтве самая вялікая краіна ў Еўропе (хоць геаграфічна яе большая частка знаходзіцца ў Азіі), РФ трапляе ў топ краін свету і Еўропы па ППЗ.

Калі браць узровень ВУП па ППЗ на душу насельніцтва, то Расія ў гэтым рэйтынгу будзе выглядаць ужо не так выгадна.

«Напрыклад, у Кітаі, які па ўзроўні ППЗ займае першае месца, ВУП па ППЗ на душу насельніцтва складае $23,3 тысячы, у ЗША — $80 тысяч, у Расіі — $35,3 тысячы, а ў Індыі — $9,2 тысячы, хоць у агульным рэйтынгу, на які спасылаецца Пуцін, Індыя знаходзіцца на трэцім месцы», — тлумачыць эксперт.

Таму знаходжанне Расіі на пазіцыях вышэйшых за большасць еўрапейскіх дзяржаў тлумачыцца тым, што насельніцтва РФ складае каля 146,5 мільёна чалавек, у той час, як у Германіі пражывае каля 84,4 мільёна чалавек, а ў Францыі — 68,7.

Робячы падобныя заявы, прэзідэнт Расіі, а за ім і беларуская прапаганда, маніпулююць паказчыкамі, уводзячы ў зман людзей. 

Чытайце таксама:

Беларусь абагнала Расію па ўзроўні сярэдняй пенсіі

«За 7 гадоў заробак вырас амаль удвая». Колькі зарабляюць беларускія кіроўцы ў Еўропе

Даніла Луцкевіч