Мяжу Расіі з Беларуссю закрылі для ўсіх фур з кіроўцамі-іншаземцамі
Праз мяжу Расіі і Беларусі перасталі пускаць грузавікі з кіроўцамі, у якіх няма беларускага ці расійскага грамадзянства. З публікацый ў каналах дальнабойшчыкаў і афіцыйных паведамленняў беларускіх уладаў можна зразумець, што мяжу закрыла Расія, піша «Агентство».
12.01.2024 / 17:27
Першыя паведамленні пра ўвядзенне абмежаванняў на расійска-беларускай мяжы з'явіліся раніцай 10 студзеня ў суполках дальнабойшчыкаў. Пра абмежаванні на мяжы паведаміў і тэлеграм-канал узбекістанскай транспартнай кампаніі EGS GROUP.
З публікацый памежных упраўленняў ФСБ Расіі па Смаленскай і Бранскай абласцях вынікала, што кіроўцы-міжнароднікі з трэціх краін, уключаючы дзяржавы ЕАЭС, могуць уязджаць і выязджаць з Расіі толькі праз міжнародныя пункты пропуску, якіх на мяжы Расіі з Беларуссю проста няма.
Памежнікі таксама паведамлялі, што будуць разглядаць перасячэнне расійскай-беларускай мяжы фурамі з кіроўцамі-замежнікамі як парушэнне парадку, устаноўленага федэральнымі законамі № 114 «Аб парадку выезду з РФ і ўезду ў РФ» і № 4730-1 «Аб дзяржаўнай мяжы РФ».
Праблемай ужо зацікавіліся і ўлады краін, кіроўцы з якіх сутыкнуліся з цяжкасцямі. Міністр гандлю і інтэграцыі Казахстана Арман Шакаліеў 11 студзеня пацвердзіў праблемы з казахстанскімі грузамі на расійска-беларускай мяжы. Са слоў чыноўніка, улады краіны ўжо абмяркоўваюць гэтае пытанне з Расіяй і Беларуссю. Прытым казахстанскія ўлады былі схільныя вінаваціць беларускі бок.
У той жа час мытныя органы Беларусі 11 студзеня паведамілі, што абмежаванні ўведзеныя па ініцыятыве Масквы.
«Вяртанне ажыццяўляецца памежнай службай ФСБ Расіі з прычыны адсутнасці падстаў для пропуску на расійскую тэрыторыю», — паведаміла беларуская мытня.
Што паслужыла прычынай рашэння, прынятага расійскімі ўладамі, пакуль не зразумела.
Чытайце таксама:
Знайшоўся дальнабойшчык, які містычна знік у Расіі на пачатку года
У Казахстане выратавалі 40 беларускіх дальнабойшчыкаў, якія трапілі ў снежны занос
«За 7 гадоў заробак вырас амаль удвая». Колькі зарабляюць беларускія кіроўцы ў Еўропе