Кубракоў не выключыў, што амністыю прыменяць і да палітзняволеных. Але ў забойцаў шанцаў больш

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, выступаючы ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», дапусціў, што ў Беларусі могуць прымяніць амністыю і да асуджаных паводле так званых «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Але зрабіў гэта хутчэй рытуальна.

13.01.2024 / 22:09

Іван Кубракоў. Скрыншот з відэа

«Але хачу сказаць. Прэзідэнт падкрэсліў: там, дзе грамадзяне — у тым ліку і якія асуджаныя за экстрэмізм — у індывідуальным парадку, калі чалавек раскаяўся, і амністыя, можа быць прыменена. Таму гэтае пытанне яшчэ будзе прапрацавана дадаткова. Калі сапраўды мы ўбачым гэтую шчырасць, што людзі раскайваюцца — ну то чаму не. У індывідуальным парадку гэта магчыма», — заявіў Кубракоў. 

Перад гэтым ён, аднак, быў катэгарычны:

«Што тычыцца асоб, якія асуджаныя за «экстрэмізм», «тэрарызм», наша прапанова была адназначная: да гэтай катэгорыі грамадзян не ўжываць амністыю. ( … ) Што тычыцца «экстрэмізму», ну, вы ўсё выдатна разумееце, што гэта страшнае злачынства, таму мы катэгарычна супраць таго, каб да дадзенай катэгорыі грамадзян прымяняць амністыю».

У той жа час ведамства Кубракова за тое, каб пашыраць амністыю на асоб, асуджаных за злачынствы менш страшныя і небяспечныя:

«Новаўвядзенне, якое было прапанавана, — гэта прымяніць амністыю да асоб, якія асуджаныя за асабліва цяжкія злачынствы, у тым ліку забойства, цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да смерці».

Чытайце таксама:

«Навошта яе ўвогуле пасадзілі?» Лукашэнка пра жанчыну, якая атрымала 6 гадоў за забойства мужа-агрэсара

У шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса зʼявіцца пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Прастытуткам будзе палёгка

Амністыя-2024 не закране палітвязняў і закладчыкаў. Што вядома пра планы ўладаў?

Лукашэнка анансаваў амністыю-2024 і хоча перагледзець некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса

Nashaniva.com