Канчаткова адмянілі брэсцкі канцэрт каманды КВЗ «Уездный город». Няма цікавасці
У кастрычніку мінулага года з'явілася інфармацыя, што расійская каманда КВЗ «Уездный город», у якой выступаюць комікі Сяргей Пісарэнка і Яўген Нікішын, збіралася ў лістападзе правесці тур па шасці гарадах Беларусі, але, як сцвярджае арганізатар, не прадаліся білеты. Тады гаварылася, што некаторыя выступленні пераносяцца на сакавік 2024-га, але цяпер, як выглядае, іх адмяняюць увогуле.
15.01.2024 / 16:50
Прынамсі, у Брэсце з'явілася паведамленне, што выступленне каманды ў гэтым горадзе адмяняецца, а купленыя квіткі можна здаць у касу філармоніі.
«Уездный город» — адна з самых вядомых расійскіх камандаў вышэйшай лігі КВЗ. У 2003 годзе яна была яе чэмпіёнам.
У 2015-м комікі перабралася ва Украіну. Артысты Сяргей Пісарэнка і Яўген Нікішын былі на баку Украіны пасля анексіі Расіяй Крыма і развязвання вайны на Данбасе, але гэта ім не перашкаджала выступаць на радзіме. Свае канцэрты яны давалі і ва Украіне.
Пісарэнка і Нікішын сталі запрошанымі артыстамі гумарыстычнай канцэртнай праграмы «Дызель-шоу». З 2019-га яны выступалі там на пастаяннай аснове.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна, артысты, паколькі былі ва Украіне, запісвалі відэа аб тым, што адбываецца. Пазней Пісарэнка з сям’ёй пераехаў у Эстонію, а адтуль — у Расію. Яго калега Нікішын вярнуўся ў Маскву.
З «Дызель-шоу» іх выключылі, калі яны восенню 2022 года правялі на круізным лайнеры канцэрты для расіян. Пра антываенную пазіцыю комікаў у Расіі не забыліся. Пісарэнку выразалі, напрыклад, з забаўляльнай праграмы на цэнтральным тэлеканале.
Чытайце таксама:
«А, пацук! Пацук!» Як працуе новае трэш-шоу Маргарыты Ляўчук
Комік Танковіч — пра Мукавозчыка, Галыгіна і працу ў NEXTA
У Казахстане перасталі прадаваць квіткі на канцэрты комікаў, якія з'ездзілі на Данбас