«Сіл усім, для каго гэтая гісторыя акажацца асабістай». Мэрыем Герасіменка прэзентавала песню, якую напісала ў СІЗА
У гадавіну свайго вызвалення спявачка Мэрыем Герасіменка выпусціла песню пад назвай «Вакол цішыня». Артыстка распавяла ў сваім інстаграме, што склала тэкст яшчэ ў той час, калі знаходзілася ў СІЗА.
19.01.2024 / 14:01
Фота з інстаграму спявачкі
— Музыка была проста ў маёй галаве, — напісала Мэрыем. — Я апісвала навакольныя падзеі, моманты, перажыванні…
Па словах спявачкі, гэты трэк для тых, хто гатовы пагрузіцца ў атмасферу СІЗА, у якой артыстка правяла паўгода — і не толькі яна.
Мэрыем расказала, што гэты трэк павінен быў выйсці яшчэ мінулай вясной, але яго час прыйшоў толькі цяпер.
— Сіл усім, для каго гэтая гісторыя акажацца асабістай… Гэтым трэкам я завяршаю для сябе тыя ўспаміны.
Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрта каля мінскага бара «Банкі-бутылкі», дзе спявачка выконвала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи» ў падтрымку Украіны. Факт выканання песні на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў.
Спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула. Пасля перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.
20 студзеня 2023 года суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла Мэрыем Герасіменка тры гады «хатняй хіміі». Некалькі дзён таму стала вядома пра тое, што «Байсол» эвакуіраваў спявачку з Беларусі.
Чытайце таксама:
Уладальніка бара «Банкі-Бутэлькі» і яго жонку асудзілі за ўдзел у маршах і выпусцілі з СІЗА
Святаслаў Вакарчук пра Мэрыем Герасіменка: Спадзяюся, яна годна пройдзе гэта выпрабаванне