Святар са Смаргоні заклікае мясцовых ісці на выбары. Але сеў з прапагандай у лужыну
22.01.2024 / 12:28
На старонках смаргонскай раённай газеты «Светлы шлях» з заклікамі «прыйсці на выбары і прагаласаваць» выступіў 22 студзеня настаяцель храма Праабражэння Гасподняга Анатоль Разановіч.
Анатоль Разановіч. Фота: «Светлы Шлях»
«Адзіны дзень галасавання — гэта дзень выбару. Выбару тых людзей, якія працуюць над заканадаўствам нашай краіны, якія вырашаюць і нашы надзённыя пытанні», — тлумачыць святар.
І даводзіць, чаму для смаргонцаў не стане праблемай зрабіць гэты выбар.
«Мы жывём у невялікім горадзе. І тыя людзі, якія вылучаюць свае кандыдатуры ў дэпутаты, ужо знаёмыя большасці смаргонцаў.
Дэпутаты, якія будуць прадстаўляць наш рэгіён у парламенце — гэта годныя людзі, гатовыя клапаціцца пра нас», — пераконвае землякоў настаяцель.
Праблема толькі ў тым, што сярод трох прэтэндэнтаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якія балатуюцца па Смаргонскай выбарчай акрузе №59, няма ніводнага смаргонца, заўважаюць праваабаронцы.
«Адкуль выбарцам са Смаргоні ведаць пра старшыню Астравецкага райвыканкама Ігара Шалудзіна, дырэктара ТАА «Гандлёвы дом «Гродстаб» Аляксандра Ігнаценку з Гродна альбо дырэктара Кемелішскай сярэдняй школы ізноў жа з Астравецкага раёна Аляксандра Іванцэвіча?» — задаюцца праваабаронцы пытаннем.
Чытайце таксама:
Вераніка Цапкала кіруе арганізацыяй, якую заснаваў адэпт «рускага свету»