«Купалаўцы» шукаюць у Варшаве будынак пад новы тэатр
Былыя артысты Купалаўскага тэатра, якія ўжо чацвёрты год вымушаныя знаходзіцца ў выгнанні і ставяць спектаклі на розных пляцоўках, пачалі шукаць сабе пастаянны будынак у Варшаве. Пра тое, як ідзе працэс, расказаў былы дырэктар тэатра, цяперашні намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка.
22.01.2024 / 21:06
Трупа Купалаўскага тэатра яшчэ ў Мінску
Паводле слоў Латушкі, у снежні і студзені адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі польскай улады, на якіх абмяркоўвалася стварэнне пляцоўкі ў Варшаве для беларускіх тэатральных дзеячаў, вымушаных пакінуць Беларусь. Канцэптуальна яна бачыцца як пляцоўка для ўсіх тэатральных калектываў, якія знаходзяцца ў Польшчы.
«Купалаўцы» агледзелі ўжо два памяшканні, але яны ім не падышлі. Першае не адпавядае тэхнічным патрабаванням для размяшчэння тэатральнай пляцоўкі, а па другім акурат ідзе працэс абмеркавання магчымасці адпаведнай адаптацыі памяшкання.
Паводле слоў Латушкі, падчас сустрэчы з прэзідэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім быў атрыманы дакладны мэсэдж, што неабходна вызначыць стратэгічныя накірункі, па якіх горад мог бы аказваць далейшую падтрымку прадстаўнікам беларускай нацыянальнай культуры, і адным з такіх накірункаў акурат і павінна стаць стварэнне ў Варшаве беларускай тэатральнай пляцоўкі. Такую ідэю падтрымлівае і маршалак Сената Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска.
Чытайце таксама:
Купалаўцы сёння прэзентуюць на ютубе новы спектакль
Купалаўскі тэатр у Мінску дае прэм’еру «А зоры тут ціхія» ў пастаноўцы расійскага рэжысёра