«Мы адчуваем набліжэнне вайны» — міністр замежных спраў Літвы

Днямі краіны Балтыі абвясцілі аб рашэнні ствараць агульную лінію абароны. Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс падкрэслівае, што гэты крок не накіраваны на тое, каб прадэманстраваць сумневы ў дачыненні да заходніх партнёраў. На ягоную думку, гэта падрыхтоўка да магчымай вайны, піша Delfi.lt.

22.01.2024 / 22:55

Габрыэлюс Ландсбергіс. Фота: AP

«Гэта таксама палітычнае пасланне — пасланне Літвы, Латвіі і Эстоніі. Што мы адчуваем набліжэнне вайны. Мы разумеем, што, калі Расія не будзе спыненая ва Украіне, яна пойдзе далей. А далей будуць краіны Балтыі», — заявіў Ландсбергіс журналістам у Бруселі перад пасяджэннем Рады замежных спраў Еўрасаюза.

«Гэта не недавер, гэта — падрыхтоўка да таго, што можа адбыцца. І мы спадзяемся, што гэта стане дастатковым сігналам нашым сябрам і партнёрам у Еўропе, НАТА, што да гэтага варта ставіцца сур'ёзна», — дадаў ён.

Ландсбергіс падкрэсліў, што ўсе дзяржавы рэгіёна згодныя з тым, што час для падрыхтоўкі да супраціву магчымай агрэсіі вельмі абмежаваны.

«Калі Расію не спыніць, мы станем тымі, каму давядзецца яе спыняць», — падкрэсліў палітык.

На думку Ландсбергіса, тое, калі Расія зможа зноў на некага напасці, галоўным чынам залежыць ад поспеху Украіны ў вайне супраць Расіі.

«Перш за ўсё, поспех Украіны і перамога Украіны. Калі ім спадарожнічае поспех, яны выйграюць нам час. Украіна адваёўвае для нас час сваёй крывёй, сваімі жыццямі, усім, што ў яе ёсць. І мы не ведаем, колькі яшчэ часу яны змогуць нам выйграць», — сказаў міністр.

Міністры абароны Літвы, Латвіі і Эстоніі ў пятніцу падпісалі пратакол аб намерах па ўмацаванні супрацоўніцтва ў распрацоўцы мер контрмабільнасці на ўсходняй мяжы НАТА. Падчас сустрэчы ў Рызе яны таксама дамовіліся працягнуць сумеснае развіццё магчымасцяў высокамабільных ракетных артылерыйскіх сістэм HIMARS.

Чытайце таксама:

Абстрэл рынку ў Данецку — хто забіў 27 чалавек?

Зяленскі падпісаў указ аб «гістарычна населеных украінцамі тэрыторыях РФ»

«Вылазка на тэрыторыю Беларусі нам пакуль не патрэбна». Камандзіры палка Каліноўскага адправіліся ў тур па гарадах Еўропы

Nashaniva.com