Катастрофа Іл-76 пад Белгарадам: што сцвярджаюць Расія, Украіна і на якія пытанні пакуль няма адказаў
Раніцай 24 студзеня ў Белгарадскай вобласці ўпаў вайскова-транспартны самалёт Іл-76. У Мінабароны РФ заявілі, што ён ляцеў з падмаскоўнага аэрадрома ў Белгарад, а на борце знаходзіліся 65 палонных вайскоўцаў УСУ, трое сілавікоў для суправаджэння і 6 членаў экіпажу. Масква абвінавачвае ва ўдары па самалёце Узброеныя сілы Украіны. Па інфармацыі губернатара Белгарадскай вобласці Вячаслава Гладкова, усе, хто быў на борце, загінулі. Выданне «Настоящее время» сабрала ўсё, што вядома пра катастрофу.
24.01.2024 / 23:04
Кадры падзення Іл-76 у Белгарадскай вобласці, 24 студзеня 2024 года
Пакуль дакладна можна сцвярджаць толькі тое, што ў Белгарадскай вобласці сапраўды ўпаў расійскі самалёт: гэта пацвярджаюць відэа і фота, якія апублікавалі мясцовыя жыхары і СМІ.
Уся астатняя інфармацыя пра катастрофу пакуль не пацверджаная незалежна, але ўжо выкарыстоўваецца дзеля прапаганды.
Што мы дакладна ведаем пра катастрофу
Самалёт упаў у полі за жылымі дамамі паўночнай ускраіны вёскі Ябланава ў Карачанскім раёне Белгарадскай вобласці. Гэта прыкладна за 50 км ад мяжы з Украінай і прыкладна за столькі ж кіламетраў на паўночны ўсход ад Белгарада.
Першыя паведамленні пра катастрофу з'явіліся ў 11.12 паводле мясцовага часу: у Белгарадзе ў гэты момант спрацавала апавяшчэнне аб ракетнай небяспецы. Праз паўгадзіны губернатар вобласці Вячаслаў Гладкоў паведаміў пра «здарэнне ў Карачанскім раёне». Затым тэлеграм-канал 112 паведаміў пра крушэнне Іл-76, а ў тэлеграм-канале «Блэтгород» апублікавалі відэа падзення.
Версія Расіі
Амаль адразу ж пасля таго, як з'явілася інфармацыя пра падзенне самалёта, Мінабароны РФ і некалькі дэпутатаў Дзярждумы, у тым ліку кіраўнік камітэта па абароне Андрэй Картаполаў, пачалі распаўсюджваць версію:
- што на борце Іл-76 знаходзіліся 65 палонных вайскоўцаў УСУ, якіх павінны былі абмяняць;
- што самалёт быў збіты з зенітнага ракетнага комплексу з тэрыторыі Харкаўскай вобласці: Мінабароны заявіла, што «быў зафіксаваны пуск дзвюх ракет» з пасёлку Ліпцы пад Харкавам;
- што самалёт быў збіты, верагодна, амерыканскімі ці нямецкімі ракетамі Patriot ці IRIS-T.
Паводле расійскай версіі, украінскіх вайскоўцаў перавозілі на самалёце ў Белгарад для абмену, адтуль збіраліся адвезці да КПП Калацілаўка на мяжы з Украінай. У падтрымку гэтай версіі некалькі расійскіх праўладных тэлеграм-каналаў паведамілі, што абмен палоннымі «па формуле 192 на 192» нібыта мусіў адбыцца сёння, 24 студзеня, на мяжы Белгарадскай вобласці, але «УСУ сарвалі яго атакай на Іл-76».
Мінабароны Расіі сцвярджае, што расійскія радыёлакацыйныя сродкі зафіксавалі пуск па самалёце дзвюх украінскіх ракет з раёна населенага пункта Ліпцы Харкаўскай вобласці. Ад яго да месца падзення самалёта прыкладна 100 км. Вайсковыя эксперты таксама выказвалі меркаванні, што ўдар мог быць нанесены не толькі замежнай ракетай, пра што было заяўлена ў Дзярждуме, але і ракетай комплексу С-300, якія шырока выкарыстоўваюцца і Расіяй, і Украінай: яны здольныя ляцець на адлегласць да 200 км.
Дэпутат Картаполаў таксама заявіў у Дзярждуме, што самалётаў было два: яшчэ адзін нібыта ляцеў за збітым Іл-76 з 80 ваеннапалоннымі, але яго «паспелі павярнуць».
Адразу пасля гэтага кіраўнік камітэта Дзярждумы Расіі ў міжнародных справах Леанід Слуцкі заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы «не першы раз б’юць па сваіх» і што адказнасць за «расстрэл ваеннапалонных у паветры» ў роўнай ступені нясуць улады ў Вашынгтоне і Бруселі. А спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў, што Дзярждума падрыхтуе зварот да Кангрэса ЗША і Бундэстага Нямеччыны, «каб дэпутаты нарэшце «прозрели», каго яны фінансуюць (у Кіеве)».
Ні заяву пра тое, што самалёт перавозіў палонных, ні заяву аб тым, што самалёт быў збіты УСУ і замежнымі ракетамі, пакуль не пацвердзілі незалежныя крыніцы або даныя сістэм сачэння.
Расія запатрабавала склікаць тэрміновае пасяджэнне Рады бяспекі ААН у сувязі з катастрофай расійскага Іл-76, заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.
Версія Украіны
Міністэрства абароны Украіны некалькі гадзін заяўляла, што пакуль не можа пацвердзіць, што прычынай падзення расійскага вайскова-транспартнага самалёта Іл-76 пад Белгарадам быў удар Сіл абароны Украіны.
Толькі ўвечары ў сераду Галоўнае ўпраўленне разведкі МА Украіны і Генштаб УСУ выпусцілі свае заявы.
Мінабароны прызнала, што 24 студзеня меўся адбыцца абмен палоннымі паміж Расіяй і Украінай, але ён не адбыўся.
«Цяпер у нас няма дакладнай і вычарпальнай інфармацыі наконт таго, хто менавіта знаходзіўся на борце самалёта і ў якой колькасці», — паведамілі ў Мінабароны Украіны.
У ведамстве адзначылі, што Украіна са свайго боку выканала ўсе дамоўленасці для падрыхтоўкі абмену: своечасова даставіла расійскіх палонных на абумоўлены пункт, дзе яны знаходзіліся ў бяспецы. Бяспеку ўкраінскіх палонных, паводле дамоўленасцяў, павінен быў забяспечыць расійскі бок, адзначылі ў ведамстве. У той жа час украінскаму боку не паведамілі «пра неабходнасць забеспячэння бяспекі паветранай прасторы ў раёне горада Белгарада ў пэўны перыяд часу, як неаднаразова рабілася ў мінулым», адзначылі ў Мінабароны.
«Украіна не была праінфармаваная пра колькасць транспартных сродкаў, маршруты і формы дастаўкі палонных. Пасадка транспартнага самалёта ў 30-кіламетровай зоне вядзення баявых дзеянняў не можа быць бяспечнай і ў любым выпадку павінна абмяркоўвацца абодвума бакамі, бо ў адваротным выпадку гэта падвяргае небяспецы ўвесь працэс абмену», — сказана ў прэс-рэлізе.
Генштаб УСУ таксама не пацвердзіў удар па самалёце, але заявіў: «Зафіксаваная інтэнсіўнасць абстрэлаў Харкаўшчыны расійскімі акупантамі наўпрост звязаная з ростам колькасці вайскова-транспартных самалётаў, якія на працягу апошняга часу накіроўваліся да аэрадрома Белгарада. З улікам гэтага Узброеныя сілы Украіны будуць і ў далейшым прымаць меры па знішчэнні сродкаў дастаўкі, кантролю за паветранай прасторай для знішчэння тэрарыстычнай пагрозы, у тым ліку на белгарадска-харкаўскім напрамку».
Пры гэтым версія аб удары УСУ адразу пасля катастрофы самалёта з'явілася ва ўкраінскіх СМІ:
- «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў УСУ спачатку напісала, што ўкраінскія вайскоўцы пацвердзілі факт падзення самалёта, зазначыўшы, што «гэта іх праца», і паведамілі, што самалёт перавозіў ракеты для ЗРК С-300. Пазней гэты пост быў выдалены. «Іншая крыніца УП не пацвердзіла гэтую інфармацыю», — напісала выданне.
- РБК-Украіна следам за «Украінскай праўдай» таксама выдаліла са сваёй навіны пра збіты самалёт каментар УСУ.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў таксама пацвердзіў украінскай службе Радыё Свабода, што на сераду 24 студзеня планаваўся абмен палоннымі з Расіяй.
«Магу канстатаваць, што запланаваны на сёння абмен пакуль не адбываецца. Агучаная расійскім бокам інфармацыя пра тое, што ваеннапалонныя маглі знаходзіцца ў самалёце Іл-76, які ўпаў у Белгарадскай вобласці, цяпер правяраецца», — пераказвае выданне яго словы.
Што вядома (і не) пра палонных
Праз некалькі гадзін расійская прапагандыстка, галоўная рэдактарка RT Маргарыта Сіманьян апублікавала спіс людзей, якія, як сцвярджаецца, былі на борце Іл-76, які разбіўся.
«Важные истории» пасля апублікавання гэтага спісу паведамілі, што як мінімум некалькі імёнаў з яго супадаюць з данымі, якія публікаваў украінскі тэлеграм-канал «Пошук палонных і зніклых без вестак украінцаў» у канцы снежня.
Пры гэтым украінскія медыя звяртаюць увагу на тое, што спіс Сіманьян можа быць фальшыўкай: 18 чалавек з яго абмянялі раней.
Журналісты «Схемаў» устанавілі імёны расійскіх членаў экіпажу, сваякі пацвярджаюць іх гібель
Журналісты праекта «Схемы» Украінскай службы «Радыё Свабода» ўстанавілі імёны шасці членаў экіпажа самалёта Іл-76, які разбіўся ў Белгарадскай вобласці. Гібель сама меней трох з іх пацвердзілі іхнія сваякі.
Паводле даных праекту, экіпаж належаў да 117-га ваенна-транспартнага авіяцыйнага палка з дыслакацыяй у Арэнбургу. Сваякі пацвердзілі журналістам гібель трох членаў экіпажа — гэта 36-гадовы камандзір карабля Станіслаў Бяззубкін, штурман карабля Аляксей Высокін і 38-гадовы бортінжынер Андрэй Пілуеў.
Пад фота ў сацсетках яшчэ аднаго члена экіпажа Іл-76 — бартавога радыста Ігара Саблінскага — з'явіліся каментары, у якіх выказваюць спачуванні з нагоды ягонай гібелі.
Таксама ў самалёце павінны былі знаходзіцца бортінжынер авіядэсантнага абсталявання Сяргей Жыцянёў і памочнік камандзіра карабля па прозвішчы Чміроў. Іх гібель пакуль не ўдалося незалежна пацвердзіць.
Журналістам не ўдалося незалежна праверыць паведамленні аб тым, што на борце таксама знаходзіліся ўкраінскія палонныя.
На якія пытанні пакуль няма адказаў
Хто былі тыя, хто загінулі
Улады РФ заяўлялі, што, акрамя 65 украінскіх палонных, на борце таксама былі 3 чалавекі суправаджэння і 6 членаў экіпажа. Імёны расіян, якія загінулі, пакуль не названыя. Таксама на ўжо апублікаваных з месца катастрофы фота не бачна ніводнага цела: гэта падкрэсліваюць некалькі ўкраінскіх і расійскіх экспертаў.
Паводле агучанай і затым выдаленай ва ўкраінскіх СМІ версіі, у самалёце, які не быў пасажырскім, а быў вайскова-транспартным, маглі перавозіць зброю для расійскага войска, у тым ліку тыя ж ракеты. Гэтая версія цяпер таксама не пацверджаная.
Чым быў збіты самалёт
У дадзены момант нельга дакладна пацвердзіць кірунак руху самалёта (Мінабароны Расіі сцвярджае, што ён ляцеў з Падмаскоўя ў Белгарад). Таксама не пацверджаны ўдар па ім: пра яго мы ведаем толькі з версіі Мінабароны Расіі. Расійскія ўлады пакуль не апублікавалі дастаткова фота і відэа з месца катастрофы, якія б маглі дапамагчы экспертам высветліць, ці быў нанесены ўдар і якой зброяй.
Каментатары адзначаюць, што ў любым выпадку версія, што расійскі самалёт быў збіты над тэрыторыяй Расіі, вельмі нязручная для Масквы: яна азначае, што Белгарадская вобласць не абароненая сістэмамі СПА. Назіральнікі не выключаюць, што менавіта з гэтай прычыны расійскія ўлады найперш робяць акцэнт на тое, што самалёт быў збіты заходняй зброяй і ў ім знаходзіліся ўкраінцы.
Што кажуць эксперты
Журналісты «Бі-бі-сі» паказалі відэа двум вайсковым экспертам: старшаму дарадцу Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) у Вашынгтоне Марку Кансіяну і эксперту кампаніі Janes, якая спецыялізуецца на абароннай разведцы, Крыстаферу Пятрову.
«Бачна, як самалёт губляе вышыню, пасля чаго з'яўляецца вогненны шар», — заявіў Кансіян. Ён дадаў, што шлейф дыму, які бачны ў небе, «адпавядае выбуху».
Пятроў адзначыў, што кадры зніжэння самалёта «сведчаць пра [атрыманыя ім] пашкоджанні да крушэння». Эксперт таксама выказаў меркаванне, што за адну-дзве секунды да крушэння на борце Іл-76 пачаўся пажар. На думку Пятрова, шлейф дыму «можа намякаць на разгортванне ракеты класа «зямля-паветра», але пра гэта пакуль нельга казаць з упэўненасцю.
Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў у каментары Bild расказаў, што «воблачка» дыму ў небе на відэазапісе «вельмі падобнае, як быццам там узарвалася зенітная ракета комплексу СПА». На думку Левіева, тэхнічная магчымасць збіць самалёт была ў абодвух бакоў — і Расіі, і Украіны. Аднак пакуль, кажа ён, рабіць канчатковыя высновы заўчасна.
Чытайце таксама:
Украінцы пацвердзілі, што на сёння рыхтаваўся абмен ваеннапалоннымі
«Цяпер аб абмене гаворкі весціся не можа» — расійскі дэпутат пра крушэнне Іл-76