За што міністру здароўя Піневічу далі выспятка? І які кампрамат на яго ёсць
Крыніцы «Нашай Нівы» разважаюць пра адстаўку міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча.
27.01.2024 / 20:42
«Тэрмін прыдатнасці Піневіча падышоў да канца. Ён заслужаны баец, вельмі прадуманы бюракрат-кар’ерыст з някепскай кар’ерай. Ён вайсковы доктар, але працаваў і ў Дзяржкантролі, таму разумее, за што караюць і як караюць. Піневіч працаваў галоўным доктарам у 6-й бальніцы Мінска, узначальваў камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама, амаль 10 гадоў быў першым намеснікам міністра здароўя. Але вельмі хацеў стаць міністрам чагосьці іншага — напрыклад, працы і сацыяльнай абароны, — узгадвае суразмоўца. —
Піневіч з Лукашэнкам
Спрабаваў замяніць Марыяну Шчоткіну (яна была міністаркай працы ў 2009-2016 — «НН»), але не атрымалася. Піневіч доўга прасядзеў у намесніках [міністра здароўя] Васіля Жарко і быў моцна замазаны, чаму ўласна і хацеў сысці ў іншае міністэрства — на яго быў сур'ёзны кампрамат. Чыноўнікі тады далі дазвол на выкарыстанне нейкага з лекаў без выпрабаванняў. Натуральна, па загадзе зверху, але з подпісам Піневіча. І калі яго прызначалі міністрам, то, я так разумею, тую гісторую пераклалі з папкі «крымінальная справа» у папку «кантраляваны кампрамат». Піневіч трымаўся за пасаду, таму што разумеў, што калі звольніцца, то могуць вярнуць крымінальную справу».
Па словах іншай крыніцы, кандыдатаў на пасаду міністра аховы здароўя і ў 2020-м было няшмат. Тады Уладзіміра Караніка перавялі ў Гродна, і на вызваленае месца разглядвалі літаральна некалькі чалавек — сярод іх Піневіч і іншая намесніца міністра Алена Богдан.
Трэці суразмоўца мяркуе, што цяпер Піневічу не пагражае нічога. «Ён жа паводзіў сябе так, як патрабавала ўлада. З аднаго боку, ніякіх дасягненняў не было. Ну але якія яны могуць быць пры масавым ад'ездзе медыкаў? Але і не сказаць, што Піневіч нешта заваліў. Нават калі пайшлі ўсе гэтыя «медыцынскія» крымінальныя справы — як з тымі ж артапедамі, яму гэта ў віну не ставілі. Прынамсі ніяк не каралі. Таму адстаўка абсалютна планавая. Усю другую палову 2023 года ўсе ў сістэме ведалі, што Піневіча прыбіраюць».
Чытайце таксама:
Фотафакт: «Аднарукі» Піневіч у камуфляжы дакладвае пра гатоўнасць армейскіх аптэчак
Піневіч пра павышэнне заробкаў медыкам: Але гэты падарунак Лукашэнкі трэба адпрацаваць
Міністр прапануе затрыманым траўматолагам прызнаць віну ў абмен на свабоду. Што тут не так?