Упершыню амаль за стагоддзе ў Саудаўскай Аравіі дазволяць продаж алкаголю
Агенцтва Reuters са спасылкай на сваю крыніцу і непублічны дакумент паведаміла пра запланаванае адкрыццё ў Саудаўскай Аравіі першай за 72 гады алкагольнай крамы, што фактычна азначае дазвол на гандаль спіртнымі напоямі. Але са своеасаблівымі абмежаваннямі.
25.01.2024 / 21:28
Фота: DuyNod / pixabay
У краіне падобнае даўно лічыцца крымінальным злачынствам, хоць унутры яе і квітнее чорны рынак, дзе можна дастаць спіртное.
Запланаванае адкрыццё крамы, аднак, закране толькі адну групу асоб — замежных дыпламатаў, «якія пры гэтым не вызнаюць іслам».
«Алкагольная крама павінна адкрыцца ў найбліжэйшыя тыдні ў дыпламатычным квартале сталіцы краіны Эр-Рыяда, дзе напоі будзе дазволена прадаваць выключна замежным немусульманскім дыпламатам.
Для пакупкі алкаголю ім будзе неабходна зарэгістравацца ў спецыяльным дадатку і атрымаць код доступу ад МЗС Саудаўскай Аравіі. Акрамя гэтага, супрацоўнікаў замежных дыпмісій абавяжуць схаваць тэлефоны падчас пакупак і не перавышаць штомесячную квоту на алкаголь», — піша Reuters са спасылкай на крыніцу і неапублікаваны дакумент урада краіны.
Гэтае новаўвядзенне заклікана прыцягнуць яшчэ больш замежных бізнэсменаў і турыстаў у краіну, бо гісторыя з дазволам крамы можа атрымаць працяг, адзначае крыніца агенцтва.
Разам з тым гэта таксама можа быць мерай супраць чорнага рынку алкаголю ў краіне і асабліва таемных схем пастаўкі спіртнога праз дыпламатычную пошту замежнікаў.
Распіццё і продаж алкаголю ў Саудаўскай Аравіі быў цалкам забаронены яшчэ ў 1952 годзе для захавання нормаў ісламу. З таго часу парушэнне забароны мясцовымі жыхарамі або замежнікамі можа пацягнуць за сабой штрафы, сотні ўдараў бізуном і нават пазбаўленне волі. У выпадку замежнікаў гэта таксама можа скончыцца дэпартацыяй.
У той жа час у краіне афіцыйна дазволены продаж безалкагольных вінаў, піва і іншых напояў.
Чытайце таксама:
Чэмпіянат свету па футболе ў 2034 годзе прыме Саудаўская Аравія
У Францыі прапанавалі ўвесці «сухі студзень». Макрон не падтрымаў і яго захейцілі
Бутэлька пітной вады за сотні даляраў — новы трэнд сярод багатых. За што яны плацяць?