У Германіі адзін беларускі дальнабойнік пераехаў іншага

У нямецкім горадзе Кель, што ў федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг, пасля сваркі адзін кіроўца-беларус трапіў нагамі пад кола фуры іншага, паведамляе сайт «Беларусь і свет», спасылаючыся на мясцовую паліцыю.

29.01.2024 / 21:34

Здымак ілюстрацыйны. Фота: partsq.com

У суботу 27 студзеня позна ўвечары пасля сваркі паміж двума беларускімі дальнабойнікамі адзін з іх пачаў выязджаць на сваёй фуры з зоны адпачынку для кіроўцаў Кель.

Каб перашкодзіць гэтаму, другі залез на падножку кабіны грузавіка, спрабуючы адкрыць дзверцы. Але ногі мужчыны трапілі пад пярэдняе кола цягача, праз што ён атрымаў сур'ёзныя траўмы.

Тым часам аўтацягнік працягнуў рух і паехаў далей, у працэсе пратараніўшы агароджу ў зоне адпачынку.

У ходзе вышуковых мерапрыемстваў грузавік з 30-гадовым беларусам за рулём быў затрыманы ў раёне рачнога порта Кель на рацэ Рэйн. Мяркуючы па ўсім, гэты кіроўца разам з пацярпелым раней ужылі шмат алкаголю.

Па распараджэнні пракуратуры ў кіроўцы ўзялі ўзор крыві і запатрабавалі заклад. Пацярпелы быў дастаўлены ў бальніцу, ягоныя траўмы для жыцця небяспекі не ўяўляюць.

Цяпер ідзе расследаванне, вядуцца пошукі сведак інцыдэнту.

Чытайце таксама:

У Германіі памёр беларускі дальнабойнік

Кіроўцы двух беларускіх аўтобусаў ехалі ў Літву без дазволаў. Пацярпелі і пасажыры

Знайшоўся дальнабойшчык, які містычна знік у Расіі на пачатку года

Nashaniva.com