«Яны не палітвязні». Міграцыйная паліцыя Тайланда пракаментавала затрыманне музыкаў «Бі-2»

Тайландскія медыя паведамляюць, што міграцыйная паліцыя краіны сёння правяла прэс-канферэнцыю з нагоды затрымання музыкаў гурта «Бі-2» і іх далейшага лёсу. Там заявілі, што гэтае пытанне закранае нацыянальную бяспеку Тайланда, «але ў самім арышце палітыкі няма». Вось што стала вядома яшчэ.

31.01.2024 / 19:20

Прадстаўнікі тайландскай міграцыйнай паліцыі на прэс-канферэнцыі 31 студзеня з нагоды затрымання музыкаў «Бі-2». Фота: Khaosod Online

Тайландскае выданне Khaosod Online са спасылкай на прэс-канферэнцыю міграцыйнай паліцыі Тайланда раскрыла падрабязнасці затрымання музыкаў гурта «Бі-2».

«Паводле паліцыі, музыканты былі затрыманыя з-за адсутнасці дазволу на працу. Справа была перададзена следчым для завядзення крымінальнай справы і накіравання парушальнікаў у СІЗА галоўнага ўпраўлення міграцыйнай паліцыі.

Адзін з парушальнікаў ужо быў дэпартаваны, але не ў Расію», — піша Khaosod Online са спасылкай на тайландскіх паліцыянтаў.

Паліцыянты таксама заявілі, што пытанне дэпартацыі астатніх музыкаў сёння ўвечары разгледзіць і Рада нацыянальнай бяспекі краіны, «каб вырашыць, якім чынам вярнуць усіх на іх радзіму».

Але пры гэтым адзначылі, што не могуць дэпартаваць музыкаў без іх прамой згоды і што яны не з'яўляюцца палітвязнямі.

«Рада нацыянальнай бяспекі сёння разгледзіць пытанне дэпартацыі музыкаў. Выдача парушальнікаў іншай краіне адбываецца, толькі калі яны не з'яўляюцца палітвязнямі, ці не здзейснілі злачынства ў працэсе дэпартацыі.

Пры гэтым міграцыйная паліцыя не можа прымусіць іх пакінуць краіну, пакуль яны не дадуць на гэта прамой згоды. Да таго часу яны будуць утрымлівацца пад вартай», — падкрэслілі тайландскія паліцыянты.

Яны дадалі, што затрыманыя музыкі з падвойным грамадзянствам не пагадзіліся вярнуцца ў краіну паходжання на падставе ўязных (расійскіх) пашпартоў. Неабходна ўзгадніць іх вяртанне з другой краінай іх грамадзянства.

Таксама члены гурта «Бі-2», па словах праваахоўнікаў, могуць падаць дакументы на статус палітычнага ўцекача ў Тайландзе праз міжнародныя структуры ААН ці Міжнародную арганізацыю па міграцыі, калі яны не хочуць вяртацца на радзіму.

Нагадаем, што 25 студзеня музыкаў гурта «Бі-2» затрымалі адразу пасля канцэрту на Пхукеце. Паведамлялася, што яны выступалі без адпаведнага дазволу.

Наступным днём суд прызначыў ім штраф, які яны аплацілі на месцы. Але потым іх перазатрымала міграцыйная паліцыя. Музыкаў перавезлі ў Бангкок, дзе вырашаюцца пытанні адносна іх знаходжання ў Тайландзе і краіны магчымай дэпартацыі.

Паводле мясцовых законаў, дэпартацыя праводзіцца прамым авіярэйсам у краіну выдачы пашпарта. 

Гурт «Бі-2» быў створаны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і нязменныя ўдзельнікі — Аляксандр Уман (Шура Бі-2) і Ягор Бортнік (Лёва Бі-2). У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў, Максім Андрушчанка, Барыс Ліфшыц, Глеб Калядзін і Ян Ніколенка. Усе яны, акрамя вызваленага Лёвы Бі-2, пакуль што знаходзяцца пад вартай у Бангкоку.

@nashaniva Музыканты з «Бі-2» на волі. Што яны расказваюць #беларусь #навіныбеларусі #беларусьсейчас #беларускіцікток #нашаніва #белорусы #новостибеларуси #беларусьновости #би2лучшие #бобруйск ♬ Молитва (Из к/ф "Молитва") - Би-2

Чытайце таксама:

Лявон Вольскі: Колькі расійскіх фанатаў выйдзе на Красную плошчу з плакатам «Свабоду Бі-2»?

Ці могуць у беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, узнікнуць праблемы, як у «Бі-2»? Тлумачыць адвакат

Пасля візіту расійскіх дыпламатаў дэпартацыю ў Ізраіль для «Бі-2» адмянілі

«У камеры ляталі невядомыя мне насякомыя». Расказваем пра тайскія турмы, дзе сядзяць рокеры з «Бі-2»

Nashaniva.com