«Нявестка Лукашэнкі 200 песняў напісала. Бярыце, спявайце». Прапаганда азадачылася, як бы ім стварыць свой папулярны беларускамоўны гурт
Праўладныя моладзевыя актывісты замахнуліся на сучасную культуру.
01.02.2024 / 16:39
Скрын відэа CTVBYvideo / YouTube
Як стварыць «правільны» беларускамоўны гурт, абмяркоўвалі ў выпуску праграмы «Да!Но…» на СТБ.
Выглядае, што не ўсе ў студыі разумелі, што песні па-беларуску могуць быць не толькі народнымі.
На думку студэнткі Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Карыны Герасімавай, моладзь не спявае беларускіх песняў па некалькіх прычынах. Па-першае, недастаткова інфармацыі пра тое, якія ёсць конкурсы. А па-другое, «усе гоняцца па заробак». А спевы беларускіх народных песняў грошай не дадуць.
«Але ж Карпанаў спявае не народныя песні, а на беларускай мове», — парыраваў вядучы Яўген Пуставы і задаў пытанне, што трэба зрабіць, каб была беларускамоўная моладзевая група.
На гэта Герасімава адказала: «Развіваць напрамак, даваць волю, свабоду».
Казакоў заўважыў, што «ніхто за культуру не душыць». «Якую ўжо волю даваць», — не разумее вядучы.
«Калі мы сапраўды падтрымліваем чужых для беларусаў артыстаў ці артыстаў-здраднікаў, то чаму мы не можам стварыць нейкі гурт і падтрымліваць тых, пра якіх мы ведаем, што яны пераабувацца не будуць? І сваімі дзеяннямі не будуць беларусаў абуваць у лапці?» — вярнуўся да свайго пытання Пуставы.
Ідэю стварэння такога гурта падтрымаў старшыня моладзевага парламента Мікіта Рачылоўскі. Кандыдатурай прапанаваў прысутную ў студыі дзяўчыну Кацярыну Леўдаровіч, актывістку моладзевага парламента, якая выступае з акардэонам (але шырокай грамадскасці наўрад ці яе імя вядома).
«Вы на «Фактар.бай» выступалі? На вялікіх сцэнах? І хто ўвогуле вас павінен запрасіць? Міністэрства культуры ў нас ёсць. Як там вырашаюць, каго куды запрашаць?» — пацікавіўся Пуставы ў спявачкі.
Як аказалася, ні ў «Фактар.бай», ні на вялікіх сцэнах тая не выступала.
Дзе браць добрыя беларускія песні? Пуставы агучыў сваю прапанову:
«Нявестка нашага прэзідэнта Ганна Лукашэнка толькі 200 песняў патрыятычнай тэматыкі напісала. Бярыце, спявайце».
Чытайце яшчэ:
Лукашысты спрачаюцца, як быць з «пераабутымі» блогерамі — меркаванні падзяліліся
Нявестка Лукашэнкі напісала песню па-беларуску. Выканаўцу для яе шукалі праз кастынг