Грамадства2727

«Памерці за Лукашэнку». Хто такі Мікіта Рачылоўскі, новы твар прапаганды

Яшчэ нядаўна ён з цяжкасцю зачапіўся за платнае месца на непрэстыжнай спецыяльнасці. Цяпер яго прэзентуюць як «моладзевага лідара» на шоу дзяржаўных тэлеканалаў. 

Мікіта Рачылоўскі — 26-гадовая «зорка» беларускай прапаганды. Калі яшчэ два гады таму пра яго існавалі толькі адзінкавыя згадкі, то сёння ён часты госць на шматлікіх ток-шоу на беларускім тэлебачанні.

Там ён пляжыць «нацыянал-здраднікаў» і заклікае не супрацоўнічаць з тымі, хто «прадаў радзіму ў 2020-м».

Хто ён такі?

Рачылоўскі нарадзіўся і жыў у Бараўлянах, пасёлку пад Мінскам. Ягоныя бацькі — простыя рабочыя, напрыклад, бацька нейкі час працаваў кіроўцам машыны хуткай дапамогі.

Пасля школы хлопец адвучыўся ў Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы на повара і працаваў кухарам у мінскай сталоўцы. Сам сябе называў «мясніком».

У 2018-м Рачылоўскі паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць «Гісторыя і сусветная мастацкая культура». Паступіў Рачылоўскі на платнае — гэта значыць, што ЦТ ён здаў зусім-зусім слабенька, бо прахадны бал там на бясплатнае складаў усяго 258, а на платнае — 140, то-бок прымалі нават тых, хто рандомна расставіў птушкі ў тэстах. 

З ненавісніка «рашкі» ў прапагандыста

«Перад паступленнем у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт Мікіта ездзіў у Італію, — расказаў «Нашай Ніве» яго былы аднакурснік. — Ён падарожнічаў там на машыне і першы год вучобы ўсе вушы пракрычаў сваім знаёмым з універсітэта пра тое, якая адсталая Расія. А на руцэ ў яго на ўсю даўжыню набітая татуіроўка Сальвадора Далі».

Сапраўды, згодна з базай «Кіберпартызанаў», хлопец выязджаў у ЕС больш за 20 разоў.

Мікіта Рачылоўскі ў школьныя гады
Мікіта Рачылоўскі ў школьныя гады. Фота: Укантакце

Пры канцы першага курса свой першы навуковы артыкул ён напісаў пра сярэднявечную культуру Заходняй Еўропы і нават заняў 2 месца сярод студэнтаў. 

Беларушчыны ён не любіў.

«Пасля выязной пастаноўкі беларускамоўнага спектакля, памятаю, ён моцна абураўся: «Навошта навязваць калгасную мову, якую ніхто не разумее? Мы стараславянскую таксама вучым, але размаўляць на ёй ніхто не змушае!» — згадвае аднакурснік.

Вучыўся ён ніяк.

«На іспытах усё катаў са шпораў або ў аднагрупнікаў. Усе экзамены з шакаладкай, заўсёды. Заходзіў самы апошні. Не ведаў элементарных гістарычных датаў і падзей, але меў 9-10 па ўсіх прадметах. На экзамене па краязнаўстве, памятаю, ледзь не плакаў, бо шпоры не знайшоў, хоць іспыт быў вельмі лёгкі», — згадвае аднакурснік. 

Пасля першага курса Рачылоўскі паехаў на Байкал, а зімой па абмене ў Казахстан. І пасля пачаў быць актыўны дзе толькі можна.

Мікіта Рачылоўскі ў мярчы Лукашэнкі
Мікіта Рачылоўскі ў мярчы Лукашэнкі. Фота з ягонага інстаграма

«На першым курсе ў яго не было зніжкі на вучобу. А калі ён на другім-трэцім курсе стаў актывістам, то за яго стаў «прасіць» дэканат. А на 4-м курсе — ужо рэктарат. І, атрымаўшы дыплом, пайшоў паступаць у магістратуру. На экзаменах усе звычайна ішлі ў алфавітным парадку, а Мікіта — самы апошні».

На патоку ягоная мянушка была «Фэйк», бо калі ён у 2020 годзе завёў новыя сацсеткі, то адразу ў апісанні напісаў, што гэта адзіныя сапраўдныя акаўнты і ў яго быццам шмат фэйкаў. Хоць насамрэч ён быў асабліва нікому не цікавы і аніякіх ягоных фэйкаў, вядома, ніхто не ствараў.

Яго не любілі на патоку, і ён гэта адчуваў, таму нават на ўручэнне дыплому не прыйшоў. Не любілі яго, бо ён плёткі заўсёды збіраў, за спінай усіх абмяркоўваў і не з самага лепшага боку. У групе настройваў усіх супраць усіх, пры гэтым хацеў заставацца з чыстымі рукамі. Таксама быў заўжды такі гапаваты. Але да выкладчыкаў падлізваўся.

Мікіта Рачылоўскі са сваім славутым заплечнікам
Мікіта Рачылоўскі са сваім славутым заплечнікам

Ды і агулам паводзіны ў яго былі дзіўнаватыя. Напрыклад, ён ніколі нідзе не пакідаў свой заплечнік, нават у прыбіральню з ім хадзіў. А яшчэ заўсёды піў кефір, і пра гэта хадзіла шмат жартаў.

Рачылоўскі быў заўжды скрытны і ўсіх падазраваў. Але была бачная таксама яго агіда да ўсіх, аж да таго, што блізкім да сябе аднакурснікам называў аднагрупнікаў «пеўнямі», і жаданне ісці па галовах. 

Мікіта Рачылоўскі з Наталляй Эйсмант на выпускным балі пасля магістратуры БДПУ, куды прыязджаў і Лукашэнка
Мікіта Рачылоўскі з Наталляй Эйсмант на выпускным балі пасля магістратуры БДПУ, куды прыязджаў і Лукашэнка. Фота з ягонага інстаграма

Расказвалі, што ў каледжы ў яго адбыўся нейкі канфлікт, дзе ці то яго здалі, ці то ён сваіх сяброў. Пасля гэтага ён заўсёды выдаляў асабістыя паведамленні пасля таго, як напіша, ніколі не запісваў галасавых і не дасылаў фота.

Яшчэ адзін выпускнік БДПУ з таго ж курса кажа: «Мікіта да нейкага моманту быў не надта заўважны. Але з сярэдзіны другога курса стаў моцна актыўны. Пасля гэтага было такое адчуванне, што ён у БДПУ ўзначаліў усё запар. Быў вельмі актыўны, аж занадта».

Да 2020-га ў медыях Рачылоўскі не з'яўляўся. Толькі ў жніўні 2020-га, калі ён быў на 2-м курсе, відэа з ім выклалі ў канал БДПУ. Там хлопец распавядае пра тое, што ён кіруе арганізацыяй Green Office BSPU, якая займаецца інфармаваннем пра мэты ўстойлівага развіцця.

Мікіта Рачылоўскі (другі справа) у складзе арганізацыі Green Office BSPU
Мікіта Рачылоўскі (другі справа) у складзе арганізацыі Green Office BSPU. Фота: greenofficemovement.org

Тады яго таксама прэзентавалі як «удзельніка 55-га Зорнага паходу (пафаснае прапагандысцкае мерапрыемства, падчас якога студэнты з БДПУ і краінаў былога СССР ездзяць па «месцах працоўнай і вайсковай славы» Беларусі — НН), фіналіста конкурсу «Студэнт года БДПУ-2020» у намінацыі «Сацыяльна значная дзейнасць і моладзевае лідарства».

У верасні 2020-га ён паўдзельнічаў у VII форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У каментары для дзяржСМІ Рачылоўскі выдае нешта абстрактнае пра «скажэнне гістарычнай памяці».

Неўзабаве яго абралі «моладзевым паслом Мэтаў устойлівага развіцця». А менавіта, паслом 4-й мэты — «Якасная адукацыя». Тэарэтычная мэта «моладзевых паслоў» — прасоўванне мэтаў устойлівага развіцця ААН, але ў нас не атрымалася адшукаць фармальных крытэраў, якім мусяць адпавядаць кандыдаты.

Рачылоўскі на службе прапаганды

З 5 жніўня 2022 года Мікіта з'яўляецца кіраўніком Моладзевага парламента і руху «Рух наперад», звязанага з ім. Чым займаецца рух — таямніца, бо на афіцыйным сайце інфармацыі вобмаль. Увогуле дзейнасць так званага Моладзевага парламента зводзіцца да імітацыі прадстаўнічай дэмакратыі.

Мікіта Рачылоўскі дорыць кветкі Наталлі Качанавай
Мікіта Рачылоўскі дорыць кветкі Наталлі Качанавай. Фота з ягонага інстаграма

Таксама Рачылоўскі актыўна ўдзельнічае ў «Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі», дзе ўваходзіць у «Моладзевую палату па пытаннях турызму і экалогіі». А на 10-м «Форуме рэгіёнаў» у чэрвені 2023-га ён абмяркоўваў з расійскімі «маладымі парламентарамі» магчымасці для яшчэ шырэйшага супрацоўніцтва.

З канца 2022 года Рачылоўскага ўсё актыўней клічуць у праўладныя медыя. Ëн пачынае весці ўласную праграму на СТВ, якая называецца «Сенат». Там Рачылоўскі бярэ каментары ў дэпутатаў.

На каментары ў СМІ ён таксама шчодры. У снежні 2022-га Рачылоўскі расхвальваў рашэнне Лукашэнкі назваць 2022-гі «годам народнага адзінства». А ў чэрвені 2023-га агітаваў за «чысткі» ў гістарычных ВНУ.

Мікіта Рачылоўскі падчас сесіі «Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі»
Мікіта Рачылоўскі падчас сесіі «Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі». Фота з ягонага інстаграму

Таксама Рачылоўскі прапанаваў забараніць электронныя цыгарэты, але не забараняць продажу тытунёвых вырабаў. 

А ў жніўні 2023-га надышоў яго зорны час. Гэта здарылася, калі ён заявіў, што «гатовы адказаць за дзеянні цяперашняй улады», «памерці за Лукашэнку» і «жывымі іх (моладзь з праўладных арганізацыяў — НН) не возьмуць».

20 жніўня 2023-га ён усхваляў «моцнае інтэрв'ю Лукашэнкі» некалі ўкраінскай, а цяпер расійскай прапагандыстцы Дзіяне Панчанка.

А 4 верасня ён накінуўся на блогераў «Дзім Дзімыча», гурт «Дразды» і канал «Мерзкий Кокобай». Рачылоўскі прапануе абмежаваць іхнюю публічнасць за тое, што, быццам бы, «у 2020-м яны хацелі разбурыць краіну» і «прапагандуюць ЛГБТ». 

Так моладзевы пасол якаснай адукацыі катаў, катаў са шпораў і ўрэшце злавіў хвалю.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары27

  • Железный Дровосек
    11.09.2023
    Какой поп,такой и приход: у как-хозника вся его собачья свадьба тоже кал-хозная,ему просто идеально подходит—глядите—все эти шпоковские ,бондоревы с дзермантами и прочим мучным мусором даже внешне отталкивающе,,на редкость ,как бы это мягче сказать,гм...с особенностями антропоморфного развития,вишенка на торте это озоренок . Ну и этот юный ганд*н записался в предатели и коллаборанты. Сдохнуть,говоришь,хочешь за кал-хозника?
    За язык тебя никто не тянул.Все возможно в нашем Мире.
  • Дзед
    11.09.2023
    Позорище
  • Лёлік з-пад Лімасола
    11.09.2023
    можа, хто і скажа, што выбіўся ў людзі, але..
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Як незалежныя сацыёлагі праводзяць апытанні ў сённяшніх рэаліях? 12 пытанняў і адказаў4

Як незалежныя сацыёлагі праводзяць апытанні ў сённяшніх рэаліях? 12 пытанняў і адказаў

Усе навіны →
Усе навіны

Ярмошына: Мой бацька-ўкраінец браў удзел у першай СВА — выбіваў Бандэру з лясоў на Валыні29

Сярод літоўцаў у сацсетках шырыцца відэа, на якім «літвіністы» спальваюць сцяг Літвы83

У Беларусі ў кінатэатрах паказваюць аскараносны латвійскі мультфільм «Плынь». Аўтары кажуць, што нелегальна

Цюльпаны па 4 рублі, клубніцы — 65, белыя грыбы — 350 рублёў. Натоўпы мінчан рынуліся на Камароўку4

Ярмошына прызналася, якія згрызоты сумлення ў яе былі. Але гэта не праз фальсіфікацыі6

Раварысту з Мінска, які збіў пешахода, далі рэальны тэрмін3

У Польшчы былому беларускаму памежніку далі шэсць гадоў за перавозку мігрантаў больш за 20 гадоў таму

У Драздах здаецца «лакшэры» катэдж за $1800 у месяц. Але там абсалютна голыя сцены1

Вядомы мінскі блогер, які дапамагае людзям з інваліднасцю, трапіў у бальніцу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як незалежныя сацыёлагі праводзяць апытанні ў сённяшніх рэаліях? 12 пытанняў і адказаў4

Як незалежныя сацыёлагі праводзяць апытанні ў сённяшніх рэаліях? 12 пытанняў і адказаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць