«Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»
Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк лічыць, што не варта спадзявацца на раптоўнае абуджэнне «беларускай» крыві, а трэба рабіць з сябе беларуса штодзённымі намаганнямі. Як гэта атрымліваецца канкрэтна ў яго, ён расказаў выданню BG.Media.
01.02.2024 / 19:45
Міхаіл Кірылюк
Дзеці за мяжой вучаць мову дзяржавы знаходжання значна хутчэй за дарослых. Кагосьці гэта пужае: маўляў, дзеці эмігрантаў асімілююцца і ўжо ніколі не будуць беларусамі. Сітуацыю ўскладняе тое, што і бацькі часцей за ўсё не былі беларускамоўнымі, а сталі пераходзіць на родную мову ў апошнія бурныя гады, часам ужо ў эміграцыі.
Прыблізна з такімі праблемамі сутыкнуўся Міхаіл Кірылюк, юрыст НАУ, які таксама працуе ў міжнароднай IT-кампаніі. Міхаіл жыве ў Польшчы з 2020 года. У яго двое дзяцей: 10-гадовы сын і 6-гадовая дачка. Юрыст расказаў, што дапамагае яму падтрымліваць беларускамоўнае асяроддзе для сябе і дзяцей, і чаму ён лічыць, што ў справах беларускасці трэба пакладацца не на цуды, а на штодзённыя намаганні.
Міхаіл Кірылюк. Фота са старонкі ў фэйсбуку
Сістэмнасць вывучэння мовы
— Цяпер ёсць вялікае кам’юніці, якое лічыць, што можна гэта зрабіць (перайсці на беларускую. — Рэд.) лёгка і імгненна, і ўвогуле чаму гэта не робяць 9 мільёнаў людзей, яны дурныя ці што? Але ж 200 гадоў русіфікацыі — не простая рэч. Гэта як узяць і сказаць усім мышкам ператварыцца ў вожыкаў. Я ўсведамляю для сябе, што для гэтага трэба рабіць ментальнае намаганне.
На працы я выкарыстоўваю ангельскую і польскую мовы, і мне кожнае пераключэнне — з ангельскай на польскую, на рускую ў прыватнай размове з кімсьці, потым на беларускую — патрабуе высілкаў.
Не трэба чакаць, што нейкая там кроў прачнецца, і ў цябе з’явіцца слоўнікавы запас і разуменне граматыкі цудам, як у кіно, — падключыўся да беларускамоўнай матрыцы і ведаеш кунг-фу — трэба вывучаць беларускую як замежную мову. Хай гэта хто-небудзь ужо нарэшце скажа.
Я думаю, для большасці беларусаў вывучаць беларускую мову — гэта высілкі як пры вывучэнні замежнай мовы. Трэба да гэтага так і падыходзіць. Калі ты ў гэта інвестуеш час, сілы, то ў цябе няма расчаравання, што ты не атрымаў імгненнага выніку. Калі ты вывучаеш мову ў эміграцыі, то адносішся спакойна: год пажыў — А1, гады два пажыў — А2, гады тры — В1, а можа, ужо і В2. Нельга чакаць В2 праз паўгода.
Супрацоўніцтва з «Белсатам»
З беларускай мовай асабіста мне дапамог «Белсат», таму што яны сваімі інтэрв’ю заганялі мяне ў беларускамоўнае асяроддзе. Прымусам беларусізавалі. Перакладалі мае артыкулы, інтэрв’ю, звярталіся да мяне па-беларуску. Я як чалавек з кансалтынгу, кліентаарыентаваны, заўсёды стараюся размаўляць на мове суразмоўцы. І я патроху, патроху падцягваўся.
Супольнасць
Яшчэ адзін мой сябар, таксама праўнік, сыграў добрую ролю. Ну і, вядома, паўплывала тое, што пачалася вайна, — шмат хто з майго асяроддзя стаў пераходзіць на беларускую мову, і гэта дадало суполкі.
Бо, напрыклад, калі я жыў у Беларусі да 2020-га, у мяне было толькі два знаёмых чалавекі з тысячы кантактаў у тэлефоне, якія сістэмна размаўлялі па-беларуску. Я размаўляў з імі.
А тут іх колькасць павялічылася, не ведаю, у 20 разоў. Некалькі дзясяткаў чалавек з майго асяроддзя стала беларускамоўнымі. Гэта, мне здаецца, за апошнія дзесяцігоддзі найвялікшы ўсплеск цікавасці да беларускай мовы — на жаль, па такой дрэннай прычыне.
Калі ў цябе з’яўляецца больш людзей у асяроддзі, якія размаўляюць па-беларуску, гэта вельмі палягчае задачу. Я стараўся выкарыстоўваць мову з усімі, хто з маіх знаёмых папераходзіў на беларускую пасля 2022 года і ў перапісцы, і ў вусных размовах.
Думанне ад ужывання
Чуў размову ў нашым айцішным опэнспэйсе (офісная прастора без перагародак і занавання. — Рэд.): беларуска дапытвалася ва ўкраінца: «Чаму ты са мной размаўляеш заўсёды ўкраінскай? Ты ж на ёй не думаеш». Яна па-расейску да яго звярталася.
А я думаю: яно працуе наадварот. Калі я, напрыклад, даю 40-хвіліннае інтэрв’ю «Белсату», тлумачу якое-небудзь праўнае пытанне па-беларуску, я потым пачынаю думаць па-беларуску. Ты не пачынаеш ужываць ад думання — наадварот, пачынаеш думаць ад таго, што ўжываеш. Тут няма ніякага «сакрэтнага інгрэдыенту»: чым больш ужываеш, тым больш думаеш, у цябе павялічваецца слоўнікавы запас, таму што ты глядзіш у слоўнік, каб пазбаўляцца русізмаў, паланізмаў, англіцызмаў. Гэта як трава расце. Справа не некалькіх месяцаў, а, я думаю, некалькіх гадоў.
Размовы з дзецьмі
Калі я выхоўваўся ў змешаным асяроддзі — бабуля на вёсцы, некаторыя сябры, сваякі былі беларускамоўныя, наколькі гэта магчыма — то ў маіх дзяцей зараз ужо такого кам’юніці няма. І першае, што я зрабіў, калі яшчэ быў у Беларусі, у 2020 годзе, — адправіў сына ў беларускамоўную школу. Вядома, тады пра ад’езд ніякі не думалі.
Міхаіл Кірылюк у Варшаве. Фота са старонкі ў фэйсбуку
Калі давялося з’ехаць, першы час увогуле было не да таго: імкнуліся адаптавацца на новым месцы, вывучыць польскую. Вядома, дзеці хадзілі ў польскую школу і польскі дзіцячы садок. Потым я ўбачыў, што праблем з камунікацыяй на польскай мове ў дзяцей няма, ёсць толькі ў мяне. А дзеці размаўляюць без акцэнту, у іх слоўнікавы запас большы, вопыт камунікацыі ўсмактаны.
Дзеці часам пыталіся: «Как это по-беларуски?» То бок яны размаўляюць са мной па-расейску, але ведаюць, што мы з Беларусі, і лічаць, што размаўляюць па-беларуску. Таму я пачаў ім казаць, як гэта па-беларуску. Пачаў патроху размаўляць з імі на беларускай мове. Стараюся іх мякка падштурхоўваць, не крытыкаваць, а проста расказваць ім асаблівасці.
Чытанне па-беларуску
Дзецям купіў беларускія кніжкі. Чытаем па-беларуску. Я зразумеў, што дома не патрэбная расейская літаратура. Хай будзе польская, ангельская, беларуская. Усё.
Яны чытаюць па-беларуску, я ім услых чытаю. Размаўляю з імі па-беларуску не 100% дня, у розныя часы па-рознаму. У адныя — адсоткаў 20, у іншыя — 80. Залежыць ад сітуацыі, нейкага натхнення.
Каляндар «Мова вольных»
У нас складана з месяцамі. Дзіця ўжо лепш разумее, што сёння styczeń ці январь, чым студзень. Купіў беларускі адрыўны каляндар, 365 новых слоў — і вось мы кожны вечар адрываем лісток, чытаем слова. Дзецям гэта цікава, таму што там пераклад не толькі па-расейску, але і па-польску, і па-ангельску.
Канешне, было б вельмі файна, каб Duolingo падтрымала беларускую мову, таму што гэта вельмі прасунутая аплікацыя. Я там польскую вывучаю, дзеці — ангельскую. Калі б там з’явілася беларуская, гэта б спрашчала значна пераход на яе.
Каляндар «Мова вольных». Фота з сайта mova365.club
Каляндар «Мова вольных». Фота з сайта mova365.club
Беларускі пярсцёнак
Як дэманстраваць (што ты беларус. — Рэд.) — я думаю, што насіць кожны дзень вышыванку ці бел-чырвона-белае худзі будзе нудна. Вось купіў сабе бчб-пярсцёнак.
Наша IT-кампанія міжнародная, тут ёсць іспанцы, італьянцы, французы, мексіканцы, кубінцы. Таму я стараюся пры размовах не пазбягаць тэмы, што адбываецца ў нашай краіне. Я чуў, як адна беларуска ў нас размаўляла з іспанцам. Ён у яе пытаецца, як прыехаць у Беларусь. Яна кажа: ну вось, ёсць бязвіз у памежных зонах на нейкіх там умовах. І ўсё, больш нічога не кажа.
Я ўжо тлумачу гэтаму іспанцу: вось, глядзі, можаш паехаць у Беларусь, але ёсць некаторыя асаблівасці, якія табе трэба ведаць. Вось такая ў нас палітычная сітуацыя. Мы паразумеліся, і пасля размовы са мной ён ужо трохі больш ведае.
Я разумею, чаму гэтая дзяўчына адказвае быццам бы няпоўна. Нікому не хочацца паходзіць з краіны, у якой творыцца дзіч, гвалт, злачынствы. Ускосна быццам бы і на цябе падае цень. Але, мне здаецца, лепш, каб людзі ведалі пра нас трохі больш і добрага, і не вельмі. Хай лепш будуць мець больш поўнае ўражанне.
Чытайце таксама:
Любіце гульні і беларускую мову? Глядзiце, якi «Праграмісцкі кут» стварыў aйцішнік