«Народ патрабуе «гарманічнай» песні». Якія польскія гурты спяваюць па-беларуску і навошта гэта робяць?
На Падляшшы існуе каля 20 музычных гуртоў, якія спяваюць на беларускай мове. Яны граюць у папулярным у Польшчы жанры дыска-пола, а таксама адаптуюць пад «дыскатэчнае» гучанне народныя песні. Гэты напрамак музыкі быў вельмі папулярным яшчэ 10 гадоў таму, але і цяпер яго можна пачуць нават у начных клубах Беластока. Выданне Most пагаварыла з лідарамі трох такіх гуртоў: Славамірам Трафімюком (AS), Янам Карнілюком (Zorka) і Давідам Кротам (SERVERdance). Музыкі расказалі, чаму спяваюць па-беларуску і хто іх слухае.
«Мяне яшчэ на свеце не было, калі гэта ўсё існавала тут»
Дыска-пола (disco polo) — адзін з самых папулярных у Польшчы жанраў танцавальнай музыкі, карані якога ўзыходзяць да гарадскіх рамансаў, народных песень і музыкантаў, якія гралі на вясковых вяселлях. Нараджэнне жанру звязана з Падляшшам — менавіта адсюль родам «кароль дыска пола» Зэнэк Мартынюк. І хоць у яго рэпертуары няма кампазіцый на беларускай мове, іх дастаткова ў іншых выканаўцаў з Беласточчыны.
На Падляшшы заўсёды былі папулярнымі песні «з усходу» — беларускія, украінскія, рускія. Іх спявалі на вясковых імпрэзах, святах, вяселлях. А ў 1980-х на танцах пачало гучаць яшчэ і савецкае дыска: людзі з задавальненнем танчылі, напрыклад, пад «Белые розы» Юры Шатунова.
Славамір Трафімюк (AS): Раней у падляшскіх вёсках, калі на святы прыязджалі нейкія музыканты, то ўсе ішлі іх слухаць. Такая музыка, такія забавы былі папулярныя, бо гэта быў спосаб пабавіць час.
Калі яшчэ былі гэтыя танцы, то людзі не глядзелі, адкуль музыка, а прымалі тое, што проста падабалася. Я называю такую музыку «гарманічнай». Гэта танцавальная музыка, можа, з простым тэкстам, бо гэтыя песні пісалі ці перакладалі не паэты. Ды і людзям гэта не было патрэбна, ім патрэбна была музыка для танцаў, для гармоніка. Каб можна было выйсці і заспяваць. І ніякія нацыянальныя падзелы іх не цікавілі.
Ян Карнілюк (Zorka): Гэтыя песні тут папулярныя даўно, і гэтая традыцыя існуе даўно, бо тут граніца з Беларуссю і Украінай. Такія песні спявалі нашыя дзядулі і бабулі, так яны і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. І калі раней іх спявалі на лавачках у вёсках, то калі з’явіліся магчымасці запісвацца ў студыях, то гэтая музыка стала яшчэ больш папулярнай.
Давід Крот (SERVERdance): Мяне яшчэ на свеце не было, калі гэта ўсё існавала тут. Гэтую музыку кожны ведаў. Я не ў стане сказаць, як даўно гэтая традыцыя жыве. Але я на гэтым выхоўваўся. Напрыклад, мой дзядзька граў такія песні на вяселлях, а ён памёр амаль 30 гадоў таму, калі яму было хіба 60.
«Мы маем і маладых прыхільнікаў»
Прафесійныя гурты, якія выконваюць дыска-пола па-беларуску ці асучасненую народную музыку, пачалі паўставаць у 1990-я. Калектыў AS быў адным з першых — ён з’явіўся ў 1992 годзе. Да гэтага яго ўдзельнікі — яшчэ калі вучыліся ў школе — гралі на вясковых святах, на днях нараджэння сяброў, а потым і на вяселлях.
Гурт Zorka паўстаў у 2004 годзе, а SERVERdance — у 2007-м. Зараз існуе каля 20 такіх калектываў — старых і новых — сярод іх: Dobryje grajki, Prymaki, Mirage, Vieroza, Sekret, Lider, Skazka, Viesna, Siabry, MakSim.
Славамір Трафімюк: Калі мы пачыналі, то большасць нашага рэпертуару было на беларускай мове. Але я ніколі не вывучаў беларускай мовы, гэта была наша вясковая гаворка — «па-нашаму». Спяваем і на іншых мовах, бо ўся гэтая музыка — славянская. Мы не дзелім яе на рускую, беларускую ці ўкраінскую. У мяне ў гурце граюць і палякі, і беларусы, карацей свае хлопцы. Нашыя, як я называю.
Гэта простая музыка, але я ўпэўнены, што спробы нейкіх крытыкаў прынізіць яе ні да чаго не прыводзілі і не прыводзяць. Людзі заўсёды будуць спяваць вясельныя песні, танцавальныя песні, заўсёды будуць пад іх весяліцца. А класіка заўсёды будзе далёкай ад народа. Народ патрабуе «гарманічнай» песні.
Ян Карнілюк: Мы культывуем, можа, не чыстую беларускую, але тую мову, на якой у нас у вёсцы гавораць, і паміж сабой мы так размаўляем. Наш гурт выконвае не тое каб дыска-пола, а хутчэй такі фолк у новых аранжыроўках. Гэта рускія, украінскія і беларускія песні, я перарабіў шмат такіх старых песень, якія спявалі нашыя дзяды і бабулі.
На сёння слухачы такой музыкі — гэта людзі каля 40 гадоў. Але скажу за наш гурт: мы маем і маладых прыхільнікаў. Сярод іх і палякі-каталікі, якія нас слухаюць, у тым ліку з іншых месцаў Польшчы. Бо мы ў свой час былі даволі вядомым калектывам.
Давід Крот: Мы спяваем на тых мовах, якія запатрабаваныя. Падляшша ўсё яшчэ паважае «ўсходнюю» музыку, таму спяваем па-беларуску, па-ўкраінску, трохі па-руску. Такую музыку слухаюць розныя людзі, рознага ўзросту, ёсць свая ніша.
Тут на Падляшшы я шмат разоў чуў, як такую музыку ўключаюць дома і на розных імпрэзах. Бо людзі памятаюць нейкія свае карані і вяртаюцца да гэтага. Хтосьці слухае гэтыя песні на маім YouTube-канале ці на каналах іншых гуртоў. Прагляды ж не бяруцца зніадкуль, праўда?
Мы проста робім нешта сваё. Навошта? Не ведаю. Бо любім гэта. Гэтая музыка даволі меладычная, а песні файныя, у тым ліку народныя, якія можна неяк абнавіць, крыху па-свойму перарабіць. Гэта нашыя карані, на гэтым я выхоўваўся, і проста стараюся пераказваць гэта далей. Проста ёсць нейкае жаданне, ці што, дбаць пра гэтую тутэйшую традыцыю.
«Нас запрашаюць, калі хочуць пацешыць людзей музыкай, якую мы выконваем»
Суразмоўцы Most адзначаюць, што сярод падляшскай моладзі танцавальныя песні на «ўсходніх» мовах сталі менш папулярнымі, калі параўноўваць з тым, што было яшчэ гадоў з 10 таму. Але і зараз ладзяцца імпрэзы, дзе можна пачуць беларускамоўныя хіты, у тым ліку ў двух беластоцкіх начных клубах: Gwint і Loft. Вечарынкі звычайна адбываюцца на святы — Новы год, Каляды, Вялікдзень, Запусты (аналаг Масленіцы) і гэтак далей.
Таксама падляшскую музыку любяць слухаць і палякі з іншых частак краіны, яе нярэдка замаўляюць у музыкаў, калі тыя выступаюць на каталіцкіх вяселлях. А ў некаторых мясцінах «усходнія» песні перакладаюць на польскую мову.
Славамір Трафімюк: Я не забуду, як мы паехалі граць на каталіцкае вяселле і ўвесь час спявалі польскія песні. І да мяне падыходзяць людзі з Падляшша і пытаюць: «А чаго вы не граеце па-нашаму?». Ну мы і зайгралі, і ўсім спадабалася.
Акрамя вяселляў, мы граем на розных прыватных мерапрыемствах. На адкрытых пляцоўках часцей выступаем летам, калі на Падляшшы пачынаюцца гмінныя святы, фэсты, Дажынкі. Нас туды запрашаюць, калі хочуць пацешыць людзей музыкай, якую мы выконваем. Нас запрашаюць у мясціны ад Новага Двара па Холмшчыну.
Мяне вельмі задаволіў наш лістападаўскі выступ у беластоцкім клубе Gwint. Я быў вельмі ўзрушаны, бо стаяў на сцэне маладзёжнага клуба і спяваў не гэтыя сучасныя песні, а свае старыя, якія спяваў 30 гадоў таму, і моладзь пад іх танчыла. І я вельмі рады, што маладым людзям гэта патрэбна: яны танцуюць, рукі ў гору, махаюць, дзякуюць нам. Вельмі добра сябе адчуў у той момант.
Ян Карнілюк: На жаль, зараз няма шмат такіх суполак, як Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), якія б маглі прыцягнуць да нашай музыкі маладых слухачоў. Няма нейкага фінансавання, арганізацыі канцэртаў, нейкай дапамогі, папулярызацыі.
Раней нашыя песні круцілі па радыё, і людзі іх замаўлялі, быў водгук ад слухачоў. Але з іншага боку, зараз ёсць большы доступ да інтэрнэту, і нават палякі не з Падляшша могуць знайсці нашу музыку. І знаходзяць, і слухаюць.
Давід Крот: Найчасцей мы выступаем на вяселлях па ўсёй Польшчы. Таксама ладзім выступы ў клубах. Такую музыку, як нашу, можна пачуць яшчэ, напрыклад на мерапрыемствах, якія ладзіць БГКТ — гэта нейкія фэсты. Але трэба сачыць за анонсамі, бо чагосьці такога рэгулярнага, раз на тыдзень, напрыклад, няма
На жаль, я бачу, што сучаснае пакаленне забываецца пра народную музыку і нават уцякае ад яе. Але я спадзяюся, што і мае дзеці будуць яшчэ памятаць гэта ўсё і неяк будуць вяртацца да гэтага.
«У XXI стагоддзі ўжо не патрэбнае гэтае пытанне: хто ты ёсць?»
У 1990-я і пазней падляшскія музыкі ездзілі з выступамі ў Беларусь. А выканаўцы з Беларусі — у Польшчу. Такія культурныя абмены ладзіў у тым ліку БГКТ. Напрыклад, гурт AS выступаў нават на «Славянскім базары».
Ці лічаць мясцовыя людзі сябе беларусамі, ці ўсё ж палякамі? Для іх гэта складанае пытанне, на якое нельга адказаць адназначна.
Славамір Трафімюк: Адныя кажуць, што тут беларусы жывуць, другія — што ўкраінцы, іншыя — што рускія ці русіны. А паколькі мы тут каля Беларусі, то нас да беларусаў і аднеслі, ну што ж, мы з гэтым згодныя.
Мы тут жывём у вельмі перамяшаным грамадстве. Адныя ажаніліся з палякамі, другія — з беларусамі, трэція — яшчэ з кімсьці. Таму такой ідэнтыфікацыі вялікай няма, людзі тут не дзеляцца на такіх і такіх. Нам тут гэты падзел не патрэбны, мы прывыклі да таго, што тут шмат розных нацыянальнасцяў. Я так лічу, што ў XXI стагоддзі ўжо і не патрэбнае гэтае пытанне: хто ты ёсць?
Давід Крот: Мы адчуваем сябе палякамі, але карані, дакладна, ёсць нейкія беларускія. Але ж і родных мы маем у іншых частках Польшчы, ва Украіне, Расіі, ды і наогул параскіданыя родныя па Еўропе, Англіі, ЗША. Усё перамешана. Па веравызнанні я праваслаўны, жыву ў Польшчы, маю польскае грамадзянства, і адчуваю сябе… ну, палякам. Бо і выхоўваўся як паляк. Беларусь ад мяне далёка, я там быў, можа, адзін раз у дзяцінстве і нават не памятаю, як яна выглядае.
«Вёска ўжо не з’яўляецца базай для беларускай меншасці». Падляшскі беларус расказаў пра свой шлях да мовы дзядоў
«Ніхто ў свеце ўжо не піша рамантычных твораў». Размова з пісьменніцай Ганнай Кандрацюк, якая сёлета атрымала прэмію Гедройця
На Падляшшы знайшлі вялікі архіў здымкаў мясцовых беларусаў стагадовай даўніны
Дзе адпачыць і што паглядзець на Падляшшы?
Каментары
гэна ж не па-беларуску. не?
беларусы любяць цяжкі рок