На Урале 42-гадовая маці траіх дзяцей памерла пасля паведамлення ў WhatsApp пра смерць мужа на вайне ва Украіне

У ваенкамат афіцыйных звестак пра лёс байца не паступала.

05.02.2024 / 15:32

Шматдзетная маці з Верхняй Пышмы (Свярдлоўская вобласць, Расія) памерла пасля паведамлення пра гібель мужа на вайне. Пра гэта E1.ru распавяла родная сястра 42-гадовай Надзеі.

— Камандзір, які знаходзіцца з ім у зоне спецаперацыі (так у Расіі называюць поўнамаштабнае ўварванне Расіі па Украіну — НН), напісаў ёй, што Гена загінуў. У яе здарыўся інфаркт, я адвезла яе ў бальніцу, дактары зрабілі аперацыю, але выратаваць не змаглі. На наступны дзень пасля абеду Надзя заплюшчыла вочы і сэрца спынілася, — распавяла сястра жанчыны Наталля.

Надзею пахавалі 31 студзеня. А вось лёс яе мужа да гэтага часу застаецца загадкай. Са слоў сястры памерлай жанчыны, акрамя паведамлення ў WhatsApp, ніякіх пацверджанняў гібелі вайскоўца дагэтуль няма.

— Гена быў мабілізаваны, пасля смерці Надзеі мне тэлефанаваў ваенкам, які адпраўляў яго на СВО, і абураўся, з чаго мы наогул вырашылі, што Гена мёртвы. Няма такой інфармацыі. Ніякіх афіцыйных звестак, — кажа сястра Надзеі. — Я спадзяюся да апошняга, што ён жывы. Я не веру, што ён загінуў, што дзеці засталіся без бацькоў.

Надзея з Генадзем разам выхоўвалі траіх дзяцей. Дачцэ ўжо 20 гадоў, яна вучыцца ў іншым горадзе. А сыны, старэйшаму з якіх — дзевяць, а малодшаму — пяць, цяпер знаходзяцца з цёткай.

— Мы яе яшчэ не пахавалі, а апека ўжо грукала ў дзверы. Але дзяцей я нікому не аддам. Нам трэба зразумець, дзе іх тата, жывы ён ці мёртвы. І вырашаць пытанне з апякунствам, — кажа Наталля. — Вы не ўяўляеце, якая гэта была сям'я. Як яна любіла Гену, гэта словамі не перадаць, а ён яе проста абагаўляў! У верасні, калі ён прыходзіў у адпачынак, яны абвянчаліся.

Дэпутат Дзярждумы Максім Іваноў у размове з E1.ru паабяцаў узяць сітуацыю на кантроль і ў першую чаргу высветліць статус вайскоўца, якога дома чакаюць маленькія дзеці.

Чытайце таксама:

Пры ўдары па пякарні ў Лісічанску загінуў міністр па надзвычайных сітуацыях «ЛНР»

Вярхушка МНС, пракуроры, дэпутаты. Стала вядома, чаму Украіна ўдарыла па пякарні ў Лісічанску

«Ваш забіты муж быў законнай цэллю Украіны». У Маскве пасля даносу пачаліся разборкі вакол 67-гадовай доктаркі

Nashaniva.com