Актывісткі «Руху маці — 328» сабралі больш за паўтысячы подпісаў за амністыю для закладчыкаў

Актывісты «Руху маці — 328» сабралі больш за паўтысячы подпісаў пад новым зваротам да ўладаў. Яны просяць прымяніць амністыю да асуджаных за нарказлачынствы (артыкул 328 КК РБ), піша Mayday.team.

05.02.2024 / 17:08

Фота ілюстрацыйнае

Збор подпісаў актывістамі грамадскай ініцыятывы быў арганізаваны ў апошнія дні студзеня ў гандлёвых цэнтрах «Дана Мол» і «Сталіца» ў Мінску. Таксама свае подпісы (і, магчыма, нават асобныя звароты) накіравалі ўладам прадстаўнікі рэгіёнаў.

Подпісы збіраліся ў трох экзэмплярах — на адрасы адміністрацыі Лукашэнкі, Савета Рэспублікі і МУС.

У звароце сваякі асуджаных звяртаюць увагу на тэрміны зняволення, несувымерныя са злачынствам, з-за чаго тысячы маладых людзей, у тым ліку непаўналетнія з 14 гадоў, трапілі ў калоніі ў сярэднім на 10 гадоў. Асноўная маса асуджаная ўпершыню, гэта моладзь да 30 гадоў, а каля 30% вязняў калоній адбываюць пакаранне па артыкуле 328 КК.

Аўтары петыцыі просяць змяніць заканадаўства ў бок змякчэння па ніжніх і верхніх парогах усіх частак артыкула 328 КК і прымяніць будучую амністыю 2024 года таксама для ўсіх частак гэтага артыкула ў якасці акта гуманнасці ад дзяржавы.

Звароты вытрыманыя ў падкрэслена лаяльным у адносінах да ўладаў тоне. Некаторыя актывісты руху нават выказвалі ініцыятыву накіраваць зварот прапагандысту Азаронку, каб яго перацягнуць на свой бок.

Частка «Маці-328» настойвала на асобным пазначэнні праблемы самых жорсткіх прысудаў па частках 4 і 5 артыкула 328 КК (злачынства, здзейсненае ў складзе арганізаванай злачыннай групы), з-за чаго ў руху пазначыўся раскол.

У Беларусі прайшлі ўжо тры амністыі (2019, 2020, 2022 г.), але ніводная з іх не закранула асуджаных па частках 4 і 5 артыкула 328 КК.

Чытайце таксама:

Стала вядома, якіх злачынстваў у Беларусі ў 2023 было найболей

«Навошта яе ўвогуле пасадзілі?!» Што вядома пра жанчыну-забойцу з Бабруйска, за якую заступіўся Лукашэнка

Кубракоў не выключыў, што амністыю прыменяць і да палітзняволеных. Але ў забойцаў шанцаў больш

Nashaniva.com