«Пажылы чалавек з дрэннай памяццю». Байдэну вырашылі не выстаўляць абвінавачванняў па справе аб сакрэтных дакументах

Прэзідэнт ЗША абрынуўся з гнеўнай крытыкай на расследаванне, якое паказала, што ён парушаў правілы абыходжання з цалкам сакрэтнымі файламі і з-за правалаў у памяці не мог успомніць ключавыя падзеі свайго жыцця.

09.02.2024 / 11:35

Джо Байдэн падчас учорашняга брыфінгу. Фота: Evan Vucci / AP

На незапланаваным брыфінгу ў Белым доме ў чацвер вечарам Байдэн заявіў журналістам: «У мяне з памяццю ўсё ў парадку», піша Бі-бі-сі.

Прэзідэнт ЗША адхіліў сцвярджэнне, што ён не мог успомніць, калі памёр яго сын.

«Як, чорт вазьмі, ён смее падымаць гэта?» — сказаў Байдэн, маючы на ўвазе спецпракурора Роберта Хура, які назваў Байдэна «пажылым чалавекам з добрымі намерамі і дрэннай памяццю».

Міністэрства юстыцыі ЗША заявіла, што не будзе выстаўляць абвінавачванні прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, які ў парушэнне правілаў захоўваў у сябе дома сакрэтныя дакументы.

«Мы прыйшлі да высновы, што насамрэч няма падстаў для выстаўлення крымінальных абвінавачванняў», — гаворыцца ў заяве Роберта Хура.

Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што ўзрост Байдэна выклікае непакой у амерыканскіх выбаршчыкаў напярэдадні лістападаўскіх прэзідэнцкіх выбараў (у лістападзе 2024 года яму будзе 82 гады — НН).

«Я дзейнічаю з найлепшых меркаванняў, — сказаў Джо Байдэн. — Я стары. Я ведаю, якога чорта я раблю. Я паставіў гэтую краіну на ногі».

«Мне не патрэбныя ягоныя рэкамендацыі», — адрэзаў Байдэн, кажучы пра спецпракурора. Адказваючы на пытанне, ці прызнае ён адказнасць за захоўванне сакрэтных дакументаў у сваім доме, ён абвінаваціў у гэтым сваіх супрацоўнікаў.

Паводле яго слоў, Байдэн не ведаў, што яны паклалі канфідэнцыйныя паперы ў яго гараж, дзе, па словах спецыяльнага пракурора, яны захоўваліся побач з сабачай ляжанкай.

Рэпарцёр Бі-бі-сі ў зале дыпламатычных прыёмаў Белага дома назваў атмасферу брыфінгу напружанай.

Калі хтосьці сказаў, што амерыканскі народ занепакоены яго ўзростам, Байдэн павысіў голас у адказ: «Гэта Ваша меркаванне, гэта Ваша меркаванне».

Дакументы былі знойдзеныя падчас ператрусу ў доме Байдэна ў штаце Дэлавэр у студзені мінулага года. Частка з іх адносіцца да таго перыяду, калі Байдэн быў сенатарам, іншыя — да часу яго знаходжання на пасадзе віцэ-прэзідэнта.

Пасля выяўлення сакрэтныя дакументы, як паведамлялася, былі перададзеныя ў Нацыянальны архіў і Мінюст.

У ходзе расследавання было праведзена 173 гутаркі са 147 сведкамі, уключаючы самога Байдэна. Яго фармальны допыт адбыўся ў кастрычніку.

У дакладзе асобна адзначаецца, што падчас гутарак офіс спецпракурора зафіксаваў «значныя абмежаванні» ў памяці Джо Байдэна.

У прыватнасці, калі праводзіўся допыт, прэзідэнт не памятаў, калі ён быў віцэ-прэзідэнтам, а ў другі дзень допыту — калі пачаўся тэрмін яго паўнамоцтваў на гэтай пасадзе. Як адзначаецца ў дакладзе, Байдэн не памятаў, калі памёр яго сын Бо.

У 345-старонкавым дакладзе Мінюста гаворыцца, што дзеянні Джо Байдэна «ўяўляюць сур'ёзную рызыку для нацыянальнай бяспекі», але «ліквідацыя гэтых рызык шляхам прад'яўлення крымінальных абвінавачванняў не з'яўляецца разумнай мерай».

Джо Байдэн вітаў гэтае рашэнне і заявіў, што «пытанне закрытае». Прадстаўнікі Дональда Трампа (яго афіцыйна абвінавачвалі ў неналежным абыходжанні з сакрэтнымі дакументамі) падвергнулі рашэнне спецпракурора рэзкай крытыцы.

«Як мы можам давяраць яго здольнасці кіраваць нашай краінай, калі яго памяць мае «значныя абмежаванні»??!!»— напісала прэс-сакратарка Трампа Кэралайн Лівіт у сацсетцы X.

Чытайце таксама:

Спявачка Тэйлар Свіфт ставіць пад пагрозу перамогу Трампа

Да перадвыбарчай кампаніі Байдэна падключыцца экс-дзяржсакратар ЗША

Справа аб забароне Трампу балатавацца — Вярхоўны суд схіляецца на бок экс-прэзідэнта

Nashaniva.com