Баялася размеркавання: мазырская блогерка з 2,6 мільёна падпісчыкаў кінула ўніверсітэт

Анджэліша — беларуская блогерка, якая мае амаль 1,6 мільёна падпісчыкаў у YouTube і 2,6 мільёна падпісчыкаў у тыктоку. Дзяўчыне ўсяго 22 гады, але яе папулярнасці шмат хто можа пазайздросціць. Блогерка распавяла падпісчыкам пра тое, што кінула ўніверсітэт, бо баялася паехаць па размеркаванні куды-небудзь далёка ад Мінска.

12.02.2024 / 19:18

Анджэліша. Фота з яе інстаграма

Сапраўднае імя блогеркі Ангеліна Міхалёва, яна з Мазыра. Пачынала дзяўчына як фатографка, а потым вырашыла паспрабаваць свае сілы ў YouTube. Эксперымент атрымаўся паспяховым, таму далей Анджэліша пайшла пакараць тыкток — найбольш папулярнае яе відэа набрала 26,7 мільёна праглядаў (у ім дзяўчына проста скача пад музыку).

@andjilisha

Сербская анджилиша

♬ оригинальный звук - Popa_anv

Менш за год таму блогерка вырашыла яшчэ і заспяваць. Цяпер на яе YouTube-канале тры кліпы, адзін з іх з папулярным блогерам Дзмітрыям Сіўчыкам (Дзім Дзімычам). Таксама дзяўчына рэгулярна здымае рэкламныя ролікі і, здаецца, вельмі годна зарабляе.

Да нядаўняга часу дзяўчына вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на культуролага-менеджара. Але шчыра казала, што мае шмат праблем з навучаннем. А сёння Анджэліша распавяла ў сторыс у інстаграме, што кінула ўніверсітэт. Хоць гэта было няпростае рашэнне, яна лічыць яго правільным.

— Першая прычына: я зразумела, што гэта не маё. Гэта не тое, чым я хачу займацца, і я не разумею, што я тут раблю. Гэта думка з’яўлялася з першага курса, але я не магла сябе пачуць, бо на мяне вельмі моцна ўздзейнічала меркаванне сям’і і грамадства.

Але самая галоўнай прычынай сысці паспяховая блогерка называе страх размеркавання.

— Я вельмі хвалявалася з-за таго, што мяне могуць куды-небудзь адправіць адпрацоўваць і мая кар’ера, якая ідзе ўверх, можа спыніцца.

Дзяўчына таксама прызналася, што мела праблемы з ментальным здароўем — трывогу, панічныя атакі, недасыпанне.

Анджэліша кажа, што статус чалавека без вышэйшай адукацыі яе не хвалюе.

— Разумею, што я знайшла сябе. І хачу ўкласці ўсе сілы ў развіццё, сваю прафесію і кар’еру. Магчыма, я калі-небудзь скончу ўніверсітэт, але калі я буду свядома разумець, што мне гэта трэба, што гэта не навязаныя кімсьці каштоўнасці.

Падводзячы вынікі, Анджэліша адзначыла, што не шкадуе аб трох праведзеных ва ўніверсітэце гадах. Яна лічыць, што ВНУ дала ёй карысныя знаёмствы і ўменне камунікаваць.

Цікава, ці стане моладзь, якая хоча ствараць відэа для тыктоку замест таго, каб вучыцца ў ВНУ і ехаць па размеркаванні кудысьці, новым выклікам для Міністэрства адукацыі.

Чытайце таксама:

Пасля даносаў прарасійскіх актывістаў папулярнаму сярод падлеткаў блогеру Дзім Дзімычу забаранілі выступаць у школах

«Унеслі карэкціроўкі ў кантэнт». Блогера-мільённіка Дзім Дзімыча выклікалі ў Міністэрства культуры

Навошта «Мерзкий Кокобай» рэкламуе выставу прапагандыстаў? Здаецца, дзяржава знайшла новы спосаб нармалізаваць блогераў

Nashaniva.com