Расійскаму сацыёлагу Кагарліцкаму замянілі штраф на 5 гадоў турмы

У снежні 2023 года яго аштрафавалі на 6666 даляраў і адпусцілі. Бок абвінавачвання запытваў тэрмін у пяць з паловай гадоў.

13.02.2024 / 11:41

Барыс Кагарліцкі ў судзе ў снежні, дзе яму прысудзілі штраф. Фота са старонкі Барыса Кагарліцкага ў фэйсбуку

Суд замяніў Кагарліцкаму пакаранне са штрафу на рэальны тэрмін

Апеляцыйны суд замяніў сацыёлагу Барысу Кагарліцкаму (прызнаны замежным агентам) штраф на рэальны тэрмін і прысудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі. Рашэнне прыняў Апеляцыйны ваенны суд.

Суд пастанавіў узяць Кагарліцкага пад варту ў зале суда.

Вярхоўны суд Комі ў снежні 2023 года прысудзіў Кагарліцкага да штрафу па справе аб апраўданні тэрарызму. Тады яму прызначылі штраф 609 тысяч расійскіх рублёў (6666 даляраў на сёння ў эквіваленце) і адпусцілі ў зале суда. Пры гэтым бок абвінавачвання запытваў для яго тэрмін у 5,5 гадоў пазбаўлення волі. 

Тады дзяржабвінавачанне з прысудам не пагадзілася і падало апеляцыю.

Барыс Кагарліцкі — вядомы апазіцыйны палітолаг левага кірунку, сацыяліст, грамадскі дзеяч. Яму 65 гадоў. З 24 лютага па 4 сакавіка 2022 года на сайце «Рабкор» ён размяшчаў артыкулы, якія асуджалі ўварванне Расіі ва Украіну. На сайце таксама з'явіўся Маніфест кааліцыі «Сацыялісты супраць вайны», падпісаны ў тым ліку і Кагарліцкім. На YouTube Кагарліцкі таксама запісаў ролік з асуджэннем уварвання, а потым размясціў іранічны ролік пра выбух на Крымскім мосце. На яго завялі справу і затрымалі. Ад сваёй пазіцыі па вайне Кагарліцкі не адмовіўся.

Чытайце таксама:

Расійскі суд не стаў саджаць сацыёлага Кагарліцкага. Яго судзілі за іранічны ролік пра выбух на Крымскім мосце

Nashaniva.com