Якіх імпартных тавараў больш за ўсё не хапае беларусам?
Асартымент імпартных тавараў у беларускіх крамах за апошнія гады прыкметна скараціўся. Прадукцыя некаторых брэндаў і зусім знікла з продажу ў нашай краіне. Баранавіцкае выданне Bar24 пацікавілася ў сваіх падпісчыкаў у сацсетках, па якіх таварах, зніклых з паліц крам, яны сумуюць больш за ўсё, і ці ўдалося знайсці ім замену.
17.02.2024 / 18:57
Большасць чытачоў выдання адзначылі, што сумуюць па імпартных ласунках. Адразу некалькі чалавек успомнілі пра зніклыя з продажу вафлі KitKat.
«У іх шакалад тоўсты. І вафелька. Замены не знайшла, успамінаю з настальгіяй», — напісала адна з чытачак.
Яшчэ некалькі гараджан адзначылі, што сумуюць па прадукцыі брэнда Roshen.
«Цукеркі ў іх вельмі смачныя. Магла хоць кожны дзень есці. І іх Кіеўскі торт. Аналага ім не знайшла. Купляю, што прыйдзецца», — адзначыла яшчэ адна гараджанка.
Хтосьці ўспомніў пра імпартную касметыку, хтосьці — пра вітаміны і лекі.
«Мне дапамагалі ад кашлю пасцілкі «Доктар МОМ». Прыйшлося шукаць замену. Знайшоў вельмі добрыя сіропы ад кашлю беларускай фірмы «Экзон». Быў прыемна здзіўлены іх якасцю: кашаль прайшоў літаральна за тры дні», — напісаў чытач.
Яшчэ адзін гараджанін адзначыў, што больш за ўсё яму не хапае прадукцыі кампаніі Liqui Moly.
«Я працую з аўтамабілямі. Некаторыя рэчы ўдалося замяніць, а па некаторых пазіцыях няма аналагаў. Даводзіцца альбо рабіць не па тэхналогіі, альбо наогул не рабіць некаторыя моманты», — адзначыў ён.
У той жа час некаторыя падпісчыкі Bar24 у сацсетках і зусім не заўважылі знікнення імпартных тавараў. І адзначылі, што ім «усяго хапае».
Чытайце таксама:
Як пасля двух гадоў санкцый змяніліся беларускія паліцы з ежай
У Верхнядзвінску павялічаць вытворчасць мацарэлы амаль удвая