Беларус ператварыў адзін з пакояў у цяпліцу і вырошчвае там цюльпаны на продаж

Валянціна Пятровіча з Мінскага раёна ў тыктоку называюць ідэальным мужчынам. Яго відэа збіраюць мільёны праглядаў і тысячы захопленых каментарыяў жанчын. У чым жа сакрэт поспеху пенсіянера-блогера? Ён вырошчвае цюльпаны ў пакоі свайго дома. Акіян рознакаляровых кветак у савецкім інтэр’еры сапраўды ўражвае.

20.02.2024 / 17:26

Частка кветак ужо парадавала беларусак 14 лютага. Наступны дзень ікс — 8 сакавіка. Мужчына не першы год вырошчвае кветкі на продаж, таму добра ведае, што, калі і як трэба рабіць. У каментарыях ён тлумачыць, што, каб цюльпаны паспелі распусціцца да Міжнароднага жаночага дня, пасадзіць іх трэба ажно ў канцы кастрычніка.

@nashaniva Пятровіч вырасціў цэлае поле цюльпанаў у сваёй кватэры і стаў зоркай тыктоку #тюльпаны #беларусь #новостибеларусь #беларусьновости #нашаніва ♬ original sound - SpongeBob background music

Пачынаецца працоўны (ці творчы) працэс у падвале гаража, таму што першыя некалькі месяцаў цыбулінам неабходна знаходзіцца ў цёмным памяшканні пры тэмпературы 5—10 градусаў. Увесь гэты час трэба падтрымліваць зямлю вільготнай.

У пачатку лютага кветкі для 8 сакавіка пераехалі ва ўласны пакой у доме. Валянцін Пятровіч не адказваў на пытанне, чаму вырашыў вырошчваць кветкі ў хаце — тым больш, што ўчастак у мужчыны ёсць і летам ён на ім шмат чаго вырошчвае. Але каментатары мяркуюць, што так атрымліваецца больш эканомна, чым калі б ён будаваў цяпліцы.

@_petrovich_v

♬ Всё для тебя - Стас Михайлов

Кветкавая паляна выглядае настолькі прыгожа, што нават хейтэраў у блогера амаль няма — падпісчыкі захапляюцца: «Я езджу ў Галандыю глядзець на такую прыгажосць, а тут вы ў пакоі», «Хлопчык: у мяне няма грошай на кветкі. Мужчына: няма грошай на кветкі, вырашчу табе поле дома», «У мяне на акне тры цыбуліны вырасці не могуць, а тут пасярод пакоя цэлы сад». Замежнікі таксама ўражаны: «Самыя прыгожыя цюльпаны. І жырандоля таксама прыгожая. Залатыя ў вас рукі, удачы. Кыргызстан».

Чытайце таксама:

«Атрымліваецца выгадна, плюс абсалютна экалагічны прадукт». Як сям'я з Бабруйска робіць бізнэс на баранах

Што трэба ведаць пра цюльпаны, каб імі не нашкодзіць сабе

«90% выбіраюць бюджэтныя букеты і плацяць картай растэрміноўкі». Колькі ў Мінску цяпер каштуюць кветкі і які на іх попыт

ЖКГ-драма ў сям’і рыбака: шчупакі «памыліся» на 40 кубоў вады

Nashaniva.com