За амаль два гады вайны пацверджана гібель больш як 45 тысяч расійскіх вайскоўцаў ва Украіне

Журналісты ўстанавілі імёны 45 123 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне. Страты падлічылі Руская служба Бі-бі-сі і «Медыязона» сумесна з камандай валанцёраў. Поўнамаштабнае ўварванне пачалося амаль два гады таму, 24 лютага 2022 года.

21.02.2024 / 11:32

Ілюстрацыйнае фота: Ashley Chan/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Дзве траціны ўсіх устаноўленых загінулых — гэта тыя, хто да пачатку ўварвання не быў звязаны з арміяй: добраахвотнікі, мабілізаваныя, былыя зняволеныя і «навабранцы» з так званых прыватных ваенных кампаній. З 5406 загінулых мабілізаваных 80 адсоткаў загінулі за другі год вайны.

Па абсалютнай колькасці загінулых лідзіруюць Краснадарскі край, Свярдлоўская вобласць, Башкартастан і Чэлябінская вобласць.

Усяго за 2023 год журналісты ўстанавілі імёны 27 906 загінулых расійскіх вайскоўцаў, што на 57 адсоткаў больш, чым пацверджаныя страты за першы год поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

З кастрычніка 2023 года да лютага 2024 года — у перыяд, калі расейскія падраздзяленні наступалі пад Аўдзееўкай і ў суседніх з ёй раёнах Данецкай вобласці — даследчыкі пацвердзілі гібель 6614 расійскіх вайскоўцаў.

Журналісты вядуць падлік па адкрытых крыніцах: паведамленнях мясцовых адміністрацый, СМІ і сваякоў загінулых, а таксама па даных з могілак. Рэальная лічба страт, на іх думку, можа быць як мінімум у два разы вышэйшай.

Масква і Кіеў не раскрываюць страты ў вайне ва Украіне, распавядаючы толькі пра страты праціўніка. Бакі ваенных канфліктаў схільныя перабольшваць свае поспехі і перамяншаць няўдачы, даследаванне Бі-бі-сі і «Медыязоны» — адна з найважнейшых незалежных ацэнак колькасці загінулых.

Чытайце таксама:

УСУ трапілі па палігоне пад Валнавахай, Z-блогеры кажуць пра 65 забітых расейцаў

Журналістам вядомыя імёны ўжо 40 тысяч загінулых расійскіх вайскоўцаў

Сталі вядомыя імёны яшчэ чатырох беларусаў-«вагнераўцаў», якія загінулі ва Украіне. Усе — завербаваныя крымінальнікі

Nashaniva.com