У Расію адправілі яшчэ дзевяць белавежскіх зуброў
У Нацыянальны парк «Белавежская пушча» паступіў запыт з Расіі яшчэ на дзевяць зуброў. Гэтым разам іх захацела мець Кастрамская вобласць, паведамляе «СБ.Беларусь сёння».
23.02.2024 / 16:35
Гэта ўжо не першае перасяленне нашых зуброў у Расію, першая партыя гэтых жывёл была адпраўлена ў гэты самы рэгіён у мінулым годзе. Акрамя таго, 18 зуброў былі дастаўленыя ў Башкартастан.
Як паведамляецца, за кожнага зубра расейцы ў сярэднім плацяць па 8-9 тыс. даляраў.
Яшчэ двух зуброў нядаўна адправілі ў Пекін. І калі для іх дастаўкі ў расійскія рэгіёны выкарыстоўваюць аўтамабільны транспарт, то ў Кітай зубры ляцяць самалётам.
Навуковы супрацоўнік Нацпарка зубразнаўца Аляксей Буневіч выказаў меркаванне, што перамяшчэнне зуброў у іншыя рэгіёны свету з'яўляецца адным са спосабаў вырашэння праблемы перанасялення, якая назіраецца ў Белавежскай пушчы ўжо некалькі гадоў. Паводле яго слоў, колькасць зуброў пастаянна павялічваецца, а парк здольны пракарміць толькі 350 асобін.
Летась у пушчы было зарэгістравана 730 зуброў, а цяпер праводзіцца традыцыйны ўлік, які праз адсутнасць снегу будзе завершаны толькі да канца сакавіка.
Чытайце таксама:
У Польшчы вайсковая машына насмерць збіла зубра. Здзівілі паводзіны ягонага таварыша
З Белавежскай пушчы выйшлі амаль усе зубры. Куды і навошта?