Пасля галасавання затрымалі мастачку-керамістку. Вінавацяць у тым, што зняла ўчастак і даслала «экстрэмістам»
«Я зняла відэа і даслала сяброўцы, якая жыве за мяжой», — кажа жанчына на прапагандысцкім відэа.
26.02.2024 / 15:35
Алена Карпенка. Фота з яе старонкі Укантакце (архіўная копія)
Затрыманую клічуць Алена Карпенка. Родам яна з Магілёва, але вучылася ў Мінску на архітэктурным факультэце БНТУ. Нейкі час працавала архітэктарам, а пасля стала мастачкай. Яна робіць розныя ўпрыгожанні ды посуд з керамікі, а таксама займаецца каліграфіяй і роспісам.
Допіс пра затрыманне дзяўчыны з'явіўся ў малавядомым канале «Вострая тарка», які вядуць праўладныя журналісты з Магілёва. Алену затрымалі каля выбарчага ўчастка. Па легендзе прапаганды, яна «грукалася ў закрытыя дзверы пасля сканчэння галасавання, а пасля пераслала відэа экстрэмісцкаму рэсурсу».
Алена побач з яе творамі на ярмарцы. Фота з яе сацсетак
Арыгінал відэа мы не адшукалі — імаверна, яго апублікаваў нейкі зусім непапулярны рэсурс. Алена ў відэа кажа, што даслала відэа знаёмай, якая жыве за мяжой, а далейшы лёс файла невядомы.
У якім статусе цяпер дзяўчына, прапагандысты не паведамляюць.
Чытайце таксама:
Марзалюка ўсё ж прызначылі дэпутатам. Прагноз «НН» на выбары спраўдзіўся на 97%
Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд