Макрон не выключыў магчымасці адправіць войскі заходніх краін ва Украіну
«Мы зробім усё магчымае, каб Расея не змагла выйграць гэтую вайну», — сказаў прэзідэнт Францыі.
27.02.2024 / 07:42
Олаф Шольц і Эмануэль Макрон. Фота: Lewis Joly / AP
Магчымасць адпраўкі сухапутных войскаў заходніх краін ва Украіну абмяркоўвалася на канферэнцыі ў Парыжы, але прысутныя не прыйшлі да кансенсусу па гэтым пытанні, паведамляе «Суспільне».
Пра гэта прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон сказаў пасля завяршэння канферэнцыі па падтрымцы Украіны, якая адбылася ў Парыжы.
«Мы гэта абмеркавалі. Пакуль кансэнсусу па адпраўцы войскаў няма. Але ў гэтым пытанні ў будучыні нічога не варта выключаць.
Мы зробім усё магчымае, каб Расія не змагла выйграць гэтую вайну», — сказаў Макрон.
Ён адзначыў, што ўсе лідары згодныя з фактам, што не хочуць уступаць у вайну з «расійскім народам», а таксама выказалі намер стрымліваць эскалацыю, як яны гэта робяць з пачатку ўварвання РФ ва Украіну.
Макрон адзначыў, што заходнія краіны «маюць намер зрабіць усё неабходнае, каб Расія не магла» атрымаць перамогу ў гэтым канфлікце.
«Усё магчыма, калі гэта карысна для дасягнення нашай мэты», — сказаў прэзідэнт Францыі.
Сустрэча ў Парыжы па Украіне 26 лютага
Сустрэча ў Елісейскім палацы адбылася ў Парыжы 26 лютага. У канферэнцыі прынялі ўдзел канцлер ФРГ Олаф Шольц, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэм'ер-міністры каля 20 краін ЕС. На сустрэчы Злучаныя Штаты Амерыкі прадстаўлялі памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джэймс О'Браен, а Злучанае Каралеўства — кіраўнік МЗС Дэвід Кэмеран.
Пасля сустрэчы прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што заходнія партнёры Украіны стварылі кааліцыю па пастаўках Украіне дальнабойнага ўзбраення. Таксама Макрон не выключыў магчымасці адправіць войскі заходніх краін ва Украіну.
Чытайце таксама:
Зяленскі назваў час пераломнага моманту ў вайне ва Украіне
Зяленскі пра правал контрнаступу: планы Украіны былі на стале ў Крамлі яшчэ да пачатку
Зяленскі ўпершыню назваў колькасць загінулых украінскіх вайскоўцаў