Нікі Хэйлі ўпершыню перамагла Трампа на праймерыз
Суперніца Дональда Трампа на выбарах ад Рэспубліканскай партыі атрымала першую сімвалічную перамогу ў серыі праймерыз і кокусаў — яна сабрала большасць галасоў у сталіцы ЗША Вашынгтоне і акрузе Калумбія.
04.03.2024 / 07:59
Нікі Хэйлі. Фота: Matt Kelley / AP
За Хэйлі ў сталічнай акрузе прагаласавалі амаль 63% рэспубліканцаў, за Трампа — 33%, піша Бі-бі-сі.
Хэйлі атрымае галасы ўсіх 19 выбаршчыкаў ад акругі Калумбія, і ў яе ўсяго на рахунку 43 выбаршчыкі. У Трампа іх 247, а ўсяго падчас праймерыз і кокусаў рэспубліканцы выбіраюць 2429 дэлегатаў на з'езд партыі, які ў ліпені афіцыйна абвесціць кандыдата ў прэзідэнты.
Перадвыбарчы штаб Трампа заявіў, што не здзіўлены перамогай Хэйлі ў «балоце», як экс-прэзідэнт і яго паслядоўнікі называюць Вашынгтон.
«Нікі рашуча адхіленая па ўсёй Амерыцы, але лабісты і інсайдары акругі Калумбія, які хочуць захаваць правальны статус-кво, толькі што абвясцілі яе каралевай балота», — гаворыцца ў заяве штаба Трампа.
Прэс-сакратар Нікі Хэйлі Алівія Перэс-Кубас сказала: «Не дзіўна, што рэспубліканцы, якія бліжэй за ўсё бачаць непаладкі ў Вашынгтоне, адпрэчваюць Дональда Трампа і хаос, які ён нясе».
Дональд Трамп упэўнена выйграў усе папярэднія праймерыз і кокусы, у тым ліку ў родным штаце Нікі Хэйлі, Паўднёвай Караліне, а ў гэты аўторак спадзяецца фактычна гарантаваць сабе вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.
5 сакавіка, у «супераўторак», праймерыз і кокусы абедзвюх вядучых партый пройдуць адразу ў 15 штатах і на адной заморскай тэрыторыі. У рэспубліканцаў вырашыцца лёс галасоў адразу 874 выбаршчыкаў. Штаб Трампа прадказвае, што ён атрымае як мінімум 773 з іх.
«Аналітыкі лічаць, што Нікі Хэйлі працягвае барацьбу ў асноўным у разліку на тое, што Трампа прымусяць сысці яго праблемы з законам або іншыя абставіны, напрыклад, дрэннае здароўе», — заўважае агенцтва AFP.
Чытайце таксама:
Трамп выйграў кокусы ў трох штатах
У Трампа засталася толькі адна суперніца перад выбарамі-2024. Хто такая Нікі Хэйлі?