Раўгеня — унікальны беларускі «квас», які мог бы стаць нацыянальным брэндам

Звычайна напой робіцца з жытняй мукі. Ён быў асабліва папулярны ў паўночна-заходніх і паўночных раёнах Беларусі — Браслаўскім, Пастаўскім, Мядзельскім, Вілейскім ды іншых.

17.03.2024 / 23:11

Фота: practicalselfreliance.com

Зрабіць раўгеню асабліва зручна, калі ў вас ёсць рошчына (цеста на дражджах).

Выхадзец з Полаччыны Васіль Завадскі падае ў сваім фэйсбуку наступны рэцэпт:

«Бяром актыўную рошчыну, разводзім у вадзе пакаёвай тэмпературы і дадаём муку. Добра перамешваем. У маім выпадку рошчына і мука жытнія, але, мяркую, раўгеню можна рабіць і на пшанічнай, і на аўсянай, і на іншых відах мукі. Прапорцыі — у маім выпадку рошчына і мука 1:1 (прыкладна па 50 грамаў), каля літра вады. Недзе праз суткі (залежыць ад тэмпературы ў пакоі і прапорцый) можна ўжо каштаваць ці спажываць.

Атрымаецца лёгка газаваны з прыемнай кіслінкай вітамінны напой з багатым утрыманнем мікраэлементаў, збалансаваных прыродай».

Фота з фэйсбука Васіля Завадскага

У ранейшыя часы раўгеню абавязкова бралі на сенажаць — гэта быў самы сапраўдны беларускі «квас», які спаталяў смагу ў гарачую пару года. Але пілі яго таксама і зімой.

Даследчык беларускай традыцыйнай кухні Алесь Белы адзначае, што само слова раўгеня літоўскага паходжання і «азначае «штосьці квашанае, кіслае», а поўная першапачатковая назва па-літоўску, верагодна, мусіла гучаць як raugienė gira — кіслае пітво, ці проста квас». Часам такі ж самы напой называлі яшчэ «саладухай».

Раней этнографы і аматары беларускай традыцыйнай культуры неаднаразова звярталі ўвагу на неабходнасць узнаўлення рэцэптаў раўгені і вялікі патэнцыял гэтага напою ў якасці брэндавага — нароўні з крамбамбуляй і крупнікам.

Чытайце таксама:

Хутка пойдзе бярозавік. Чым ён карысны і як яго правільна збіраць?

У «Кока-Колы» ўпершыню за некалькі гадоў з’явіцца новы смак

Ці такі ўжо бясшкодны ферментаваны іван-чай?

Японскі чай матча (маця): чым ён карысны і як гатаваць

Nashaniva.com