Трамп упэўнена перамог на праймерыз у 14 штатах у «супераўторак», Хэйлі можа зняцца з выбараў
Трамп набраў агулам, з улікам папярэдніх праймерыз, 1004 галасы дэлегатаў, а Хэйлі — 89 пры неабходных 1215 для намінацыі на выбары ад сваёй партыі. Пры тым, што палова праймерыз яшчэ наперадзе.
06.03.2024 / 08:20
Дональд Трамп. Фота: Evan Vucci / AP
Экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лідзіруе на прэзідэнцкіх праймерыз адразу ў 12 штатах, паведамляе Associated Press.
«Супераўторак», які сёлета выпаў на 5 сакавіка, — найважнейшы дзень унутрыпартыйных выбараў, падчас якіх прыхільнікі Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыі галасуюць за прэтэндэнтаў, якіх хочуць вылучыць у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ЗША.
Праймерыз і кокусы рэспубліканцаў прайшлі ў 15 штатах: Аклахоме, Алабаме, Алясцы, Арканзасе, Вермонце, Віргініі, Каларада, Каліфорніі, Масачусетсе, Мінесоце, Мэйне, Паўночнай Караліне, Тэнэсі, Тэхасе, Юце. Разыгрывалася агулам 865 галасоў дэлегатаў — або каля траціны ад іх агульнай колькасці, 2429 (каб атрымаць у ліпені намінацыю на выбары ад Рэспубліканскай партыі, трэба атрымаць 1215 галасоў).
Графік: NY Times
Па стане на 21:30 па Мінску ў Трампа 1004 галасы будучых дэлегатаў (з улікам папярэдніх праймерыз, а сёння ён атрымлівае ўжо 731 голас), у Хэйлі — 89 (сёння — 46), і яна выходзіць з барацьбы.
У Каліфорніі, якая валодае самай вялікай колькасцю дэлегатаў (169), Трамп папярэдне набірае звыш 70% галасоў, у іншым ключавым штаце, Тэхасе (162) — каля 78% галасоў. Яго адзіная саперніца — былы пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Ніккі Хейлі — атрымала перамогу ў Вермонце.
Карта: NY Times. Штаты, дзе перамагае Трамп, чырвоным колерам. Хэйлі — зялёны (толькі Вермонт)
19 сакавіка праймерыз пройдуць у пяці штатах (349 галасоў), у тым ліку ў Фларыдзе, якая дае 125 галасоў, 2 красавіка таксама ў пяці іншых штатах (195 галасоў) уключна з штатам і горадам Нью-Ёрк (91 голас).
Апошнія праймерыз у рэспубліканцаў адбудуцца 4 чэрвеня ў чатырох штатах (91 голас).
Адзіным супернікам Дональда Трампа ёсць колішні прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі. Перад «супераўторкам» у Трампа было 273 галасы дэлегатаў. У Хэйлі было амаль у шэсць разоў менш — 43 галасы.
Намінантам ад Дэмакратычнай партыі, хутчэй за ўсё, будзе Джо Байдэн, які будзе балатавацца на другі тэрмін. Ён атрымаў перамогу на праймерыз дэмакратаў ва ўсіх 14 штатах, дзе прайшло галасаванне ў «супераўторак».
Байдэн у сярэднім, паводле папярэдніх даных, набраў 70-90% галасоў у кожным са штатаў, паказаўшы самы высокі вынік у штаце Мэйн. Адзіны апанент Байдэна, член Палаты прадстаўнікоў Дзін Філіпс, набраў у кожным са штатаў не больш за 10% галасоў.
Пазаўчора Вярхоўны суд афіцыйна дазволіў Трампу балатавацца і забараніў штатам выкрэсліваць яго імя з бюлетэняў.
Калі Трамп выйграе ў лістападзе прэзідэнцкія выбары, ён стане другім у гісторыі ЗША прэзідэнтам, які займаў пасаду двойчы з перапынкам на чатыры гады. У канцы XIX стагоддзя такім быў Гровер Кліўленд (1885—1889, 1893—1897).
Чытайце таксама:
Трамп нанёс вырашальны ўдар у Нью-Гэмпшыры. Але Нікі Хэйлі абяцае не здавацца