Лукашэнка прызначыў банкіра намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі

Сёння Лукашэнка прызначыў Аляксандра Ягорава намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Перад гэтым прызначэннем Ягораў быў старшынёй праўлення Банка развіцця.

07.03.2024 / 14:47

Ягораву 38 год. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (2007 г.) і магістратуру Каледжа Уільямса (2012 г.). Ён — матэматык-эканаміст; магістр гуманітарных навук. 

У 2012 — 2015 гг. займаў кіруючыя пасады ў Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь, у 2015 — 2019 гг. — кіруючыя пасады ў Беларусбанку. 

Са студзеня 2019 года быў намеснікам старшыні праўлення Беларусбанка.

З сакавіка 2021 г. — старшыня праўлення Банка развіцця.

Прызначаючы Ягорава, Лукашэнка сказаў, што Адміністрацыю чакае мадэрнізацыя. 

Па словах Лукашэнкі, пытанні, звязаныя з аналізам і кантролем, у тым ліку за выкананнем даручэнняў, прынятых па выніках нарад з членамі ўрада і эканамістамі, часам рэалізуюцца не ў поўнай меры. «Таму, натуральна, патрэбна вось такая сур'ёзная прапрацоўка групай спецыялістаў, якая магла б бачыць гэтыя працэсы», — сказаў Лукашэнка.

«Тое ж самае ў кадрах, ідэалагічнай працы і гэтак далей. Гэта мае пытанні, вядома. І тут сур'ёзна будзе ўсё мадэрнізавана. І ўвесь гэты блок у плане кантролю, дзесьці і кіравання эканомікай, і фінансы будуць выведзеныя на Адміністрацыю», — сказаў ён. 

Чытайце таксама:

Лукашэнка перавёў свайго ахоўніка на гаспадарчую працу

Лукашэнка зноў заявіў, што «наеўся працай», і патлумачыў, чаму ягоныя словы на выбарчым участку былі пустыя

Начальнік Чамаданавай стаў старшынёй Мінгарсавета

Nashaniva.com