Доктара хуткай дапамогі, на якога напаў пацыент з сякерай, нарэшце выпісалі з бальніцы

Фельчар, які стаў ахвярай неадэкватнага пацыента з сякерай, нарэшце вярнуўся дадому. Пра гэта мужчына паведаміў у сваіх сацсетках.

08.03.2024 / 10:40

Скрыншот сторыс доктара

Свайму вяртанню да нармальнага жыцця доктар, якога завуць Глеб, прысвяціў некалькі сторыс. Ён напісаў: «Жывейшы за ўсіх жывых. Я ўжо дома. Жывы, здаровы. Адчуваю сябе выдатна, усім сваім рэспект». На бальнічным ложку доктар правёў амаль месяц.

Нагадаем: у лютым пацыент напаў з сякерай на брыгаду хуткай дапамогі ў Мінску. Два медыкі трапілі ў рэанімацыю. Вось што Глеб тады распавёў тэлеканалу АНТ:

— Мы прыехалі па адрасе, нас сустрэў бацька. Даў накіраванне [на шпіталізацыю]. Але бацька не папярэдзіў што ён [пацыент] агрэсіўны, што ён неадэкватны. Ён сказаў, што ўсё добра і вы можаце спакойна праходзіць.

33-гадовы мінчук нанёс фельчарам хуткай дапамогі не менш за 20 удараў сякерай у вобласць галавы і твару. Толькі дзякуючы таму, што бацька, які прыбег на шум, здолеў паваліць сына на падлогу і забраць у яго сякеру, справа не скончылася зусім трагічна.

Высветлілася, што мужчына ўжо больш за 10 гадоў пакутуе на псіхічны разлад і літаральна за пяць дзён да здарэння яго выпісалі з бальніцы пасля чарговага лячэння. Аднак лепш яму не стала.

Мінчука вырашылі ўзяць пад варту. Яму інкрымінавалі замах на забойства дзвюх асоб па ч. 1 арт. 14, п. 1 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса. А літаральна праз два дні мужчыну адправілі ў РНПЦ псіхічнага здароўя.

Чытайце таксама:

Псіхічна хворага мужчыну, які напаў з сякерай на медыкаў, вырашылі ўзяць пад варту

На АНТ расказалі падрабязнасці нападу на дактароў хуткай дапамогі ў Мінску

У Мінску пацыент напаў з сякерай на брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі ў рэанімацыі

Nashaniva.com