«Мне сорамна, што жанчыну адправілі за краты». Беларус, чыя скарга прывяла Мірсалімаву ў ізалятар, расказаў, што адбылося
абмяркоўвайце!
Нядаўна прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву адпраўлялі на двое сутак за краты. Аказалася, што скаргу на яе напісаў беларускі актывіст.
09.03.2024 / 20:44
Эльвіра Мірсалімава. Фота з яе фэйсбуку
Мужчына папрасіў не называць яго імя. Але распавёў, як даўно піша скаргі і навошта, а таксама прычым тут Мірсалімава:
«Я пачаў пісаць скаргі яшчэ да 2020-га. Вырашыў паспрабаваць, як улады рэагуюць на тыя ці іншыя спробы ўздзеяння. За некалькі гадоў зразумеў для сябе, дзе магчымы добры вынік.
Асноўны мой накірунак — гэта звароты, петыцыі і скаргі па камунальных праблемах. Там я маю пэўны поспех: як вырашэнне сапраўдных праблем, так і звальненні розных начальнікаў і дырэктараў.
Але час ад часу я спрабую закідваць вуду і па такіх пытаннях, як прыцягненне за «экстрэмізм» розныя дзяржаўныя СМІ, чыноўнікаў і прарасійскіх актывістаў.
Мая барацьба з «экстрэмістамі» — па-першае, для таго, каб сілавікі хоць частку свайго часу трацілі не на добрых людзей, якія часцей за ўсё трапляюцца пад іх дубінку, а на тых, хто сам з'яўляецца прыхільнікам рэпрэсій ці цэнзуры.
І па-другое, каб самі прыхільнікі гэтых жудасных прыёмаў на сабе адчулі хоць частку цяжару рэпрэсіўнай машыны — няхай хаця б праз праверкі, допыты, выклікі ў РАУС.
Я не магу падлічыць, колькі я падаў зваротаў менавіта па гэтай тэме — магчыма, каля 25. Спачатку гэта былі петыцыі на petitions.by. Там скардзіўся на прысутнасць «экстрэмізму» у чашніцкай раёнцы, на сайце Віцебскага аблвыканкама і нават на сайце Віцебскай епархіі. Але звычайна гэта не давала выніку.
Але «экстрэмісцкі» накірунак не пакідаў. Калі быў вольны час, пісаў звароты ўжо праз сэрвіс Обращения.бел. Напрыклад, па Мірсалімавай я звяртаўся ў мінулым годзе. Яе тады правяралі, але нічога не зрабілі.
У гэтым годзе я рашыў паўтарыць з улікам таго, што ў яе шмат рэпостаў Суздальцава, а ён не толькі «экстрэмісцкія матэрыялы», але і «фарміраванне». Таму вырашыў паўтарыць зварот у пракуратуру, каб заадно праверылі і супрацоўнікаў Чыгуначнага РАУС Віцебска. Магчыма, спрацавалі два фактары: выбары на носе і ціск з пракуратуры, што, маўляў, раней вялася праверка, але прагледзелі такія допісы.
Так ці інакш, за Мірсалімаву ўзяліся. Хаця ў адказе мне напісалі пра зусім іншыя акалічнасці яе справы. Я скардзіўся на экстрэмізм, а яны прыцягнулі яе за пікетаванне і прапаганду нацысцкіх сімвалаў.
Дарэчы, рэпосты Суздальцава засталіся. Таму я накіраваў нядаўна яшчэ адну скаргу ў пракуратуру.
Адказ на скаргу актывіста. Фота з архіву суразмоўцы
Прыкладна ў гэты ж час, гэтай зімой, я скардзіўся таксама на экстрэмізм Агафонава і Бондаравай. Бондарава тады пісала, што яе правяралі.
Па Агафонаве спачатку адказалі, что прынялі да ўвагі, але нават не турбавалі яго. Я абскардзіў — потым ён выдаліў допісы, але яму нічога не было. Па Бондаравай таксама пакуль безвынікова.
Выпадак з Мірсалімавай — адзіны, калі ўлады вырашылі адрэагаваць, але пры гэтым зрабіць выгляд, што знайшлі іншае, а не тое, што я пісаў.
Шчыра кажучы, мне сорамна, што жанчыну ўсё ж адправілі за краты. Я спадзяваўся, хоць і не надта, што максімум дадуць штраф».
Нагадаем, Эльвіра Мірсалімава — вядомая прарасійская актывістка. Лукашэнкаўцы пляжаць яе за тое, што яна іх крытыкуе, а таксама дазваляе сабе крытыкаваць самога Лукашэнку за недастатковае збліжэнне з Расіяй ды празмернае адстойванне самастойнай беларускай дзяржаўнасці.
Нядаўна яна патрапіла на двое сутак за краты за рэпосты з каналаў расійскіх прапагандыстаў — у іх убачылі «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі» і «незаконнае пікетаванне». Здзекі з яе ў ізалятары яна маляўніча распісала ў фэйсбуку.
Чытайце таксама:
Хто такая Эльвіра Мірсалімава, якую ўжо нават лукашэнкаўцы вінавацяць у беларусафобстве
У «рускамірнай» сталіністкі Эльвіры Мірсалімавай працягваюцца прыгоды
«Называлі палітычнай прастытуткай». Сталіністка Мірсалімава расказала пра два дні за кратамі