Новы італьянскі пасол прапанаваў экспартаваць сыр з Беларусі ў Італію
Новы пасол Італіі ў Беларусі П'етра Тамаза Маркеджані прапанаваў быць больш практычнымі ў адносінах дзвюх краін.
11.03.2024 / 07:13
Супрацоўніца БТ паразмаўляла з ім на трыбуне «Мінск-Арэны» падчас матчу паміж мінскім і маскоўскім «Дынама», адзначае reform.by.
У якасці прыкладу практычных адносін ён прывёў закупку прадпрыемствамі Беларусі абсталявання ў Італіі.
«Мы стараемся як мага больш энергічна падтрымаць беларускіх імпарцёраў, нашых, дапусцім, станкоў па вырабе прадукцыі драўлянай мэблі. Аказваецца, нашы станкі, нашы машыны, наша абсталяванне вельмі добрае. Мы стараемся як бы падтрымаць гэтыя ўзаемаадносіны. Якім чынам? Напрыклад, выдаючы дзелавыя візы прадпрымальнікам беларускім, якія накіроўваюцца ў Італію», — патлумачыў пасол.
Ён таксама выказаў пажаданне павялічыць экспарт у Беларусь прадуктаў харчавання з Італіі, а затым нечакана загаварыў пра беларускі сыр.
«Мы стараемся таксама падтрымаць наш экспарт. Нашы віны, нашу ежу сюды. Было б вельмі цікава, калі таксама наш рынак у пэўны момант мог бы прымаць, дапусцім, вашых сыроў трошкі. Сыр у вас — прадукцыя і якасць. Сыр, смятану, малако. Малочныя прадукты ў вас не толькі ў маштабе, бо вы чацвёртыя ў свеце па рэйтынгу, а якасць таксама. Якасць таксама найвышэйшая», — выказаў свае меркаванні дыпламат з Італіі.
П'етра Тамаза Маркеджані лічыць беларускі народ практычным.
«Таму я думаю, што проста, вы ведаеце што, трэба проста канкрэтна працаваць, але трэба быць вельмі практычнымі. А беларускі народ вельмі практычны», — рэзюмаваў новы пасол.
Аб прызначэнні новага пасла Італіі ў Беларусі стала вядома ў сярэдзіне кастрычніка 2023 года. У Беларусі ён знаходзіцца ўжо 4 месяцы.
Як раней паведамляў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, Маркеджані будзе кіраваць місіяй у статусе часовага паверанага і не будзе ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку.
У апошні час ён займаў пасаду генеральнага консула Італіі ў Жэневе.
Чытайце таксама:
Дыпламатычны скандал паміж Беларуссю і Швецыяй: у Мінск адклікалі пасла Мірончыка
Ізраільскі дыпламат запусціў культурніцкі ютуб-праект, у якім цудоўна гаворыць па-беларуску
У пасольстве Італіі ў Беларусі мяняецца пасол. Ці будзе ён уручаць даверчыя граматы Лукашэнку?