«Без ільгот!» У Беларусі пачалі прадаваць машыны, размытненыя адмыслова для перагону ў Расію
З 1 красавіка 2024 года расіяне больш не змогуць, як раней, рэгістраваць у сябе аўтамабілі з Беларусі, размытненыя па льготным тарыфе. Частка беларускіх перагоншчыкаў ужо адрэагавала на змены ў заканадаўстве ў суседняй краіне.
14.03.2024 / 13:11
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Пераплаціў 4500 еўра, каб мець магчымасць прадаць у Расію
У лютым — пачатку сакавіка на беларускім аўтамабільным рынку назіраўся ўсплёск попыту на аўто з боку расіян, якія хацелі паспець ускочыць у апошні вагон. Часу засталося няшмат. Таму некаторыя беларускія прадаўцы ўжо пачалі размытніваць аўто без ільгот, каб потым мець магчымасць перапрадаць іх у РФ.
Яскравы прыклад такога аўто — кабрыялет Mercedes-Benz E-Класа 2020 года выпуску. Пад капотам у яго рухавік аб'ёмам 3-літры. Мытныя плацяжы па поўным тарыфе абышліся ў 9000 еўра.
Калі б машыну размытнілі на льготніка, то сума была бы 4500 еўра. Нават з улікам узнагароды льготніку (умоўныя 1000 еўра), прадавец мог бы сэканоміць на мыце 3500 еўра. Але вырашыў гэтага не рабіць, бо ў такім выпадку машына была б не цікавая пакупнікам з РФ.
Фота: скрыншот з сайта av.by
У апісанні прадавец акцэнтуе ўвагу, што мае на руках усе арыгінальныя дакументы і чэкі, якія пацвярджаюць, што машына размытнена на 100%, а значыць гатовая для экспарту ў РФ.
Адметна, што, згодна з базай даных мытні, гэты Mercedes-Benz размытнілі 1 сакавіка — гэта пацвярджае той факт, што аўтамабіль прывезены менавіта з мэтай перапродажу.
«Мэрсэдэс» за 58 700 даляраў далёка не адзіная машына ў продажы, якую адмыслова размытнілі без ільгот.
Фота: скрыншот з сайта av.by
Хапае «размытненых на РФ» і больш танных аўто, як Peugeot 508 за $20 500, так і Audi A4 за 29 тысяч.
Да нядаўняга часу аўтамабілі без выкарыстання льгот таксама размытнівалі, але гэта не было масава, ды і ў асноўным гэта былі машыны з рухавіком да 1, максімум 1,5 літра, дзе розніца ў мыце не такая вялікая.
Таксама зрэдку людзі маглі дазволіць сабе размытніць дарагі аўтамабіль без ільгот і з большым аб'ёмам рухавіка. Напрыклад, калі гэта былі такія дарагія аўто, як Porsche Macan або Volvo XC 90 з 2-літровымі рухавікамі.
Дылема для перагоншчыкаў
У выпадку з машынамі з аб'ёмам рухавіка болей за 1,5 літра прадаўцам давядзецца вызначацца, на пакупнікоў з якой краіны яны разлічваюць. Калі выключна на ўнутраны рынак, то ёсць сэнс шукаць ільготніка. А калі на РФ, то «вешалкай» можа быць любы жыхар Беларусі або сам перагоншчык ці нехта з ліку яго сям'і.
Сітуацыя нечым нагадвае пачатак 2010-х, калі на беларускім рынку было два тыпы аўто: прахадныя на Расію і Казахстан (размытненыя да 2010 года) і непрахадныя (размытненыя ў перыяд з 1 студзеня 2010 года па 1 ліпеня 2011 года).
Адпаведна, крыху адрозніваліся і цэны на такія машыны, бо адныя можна было перапрадаць у Расію або Казахстан, а іншыя былі прызначаныя толькі для ўнутраных пакупнікоў.
Чытайце таксама:
Кітайскі аўтапрам заваёўвае свет. Не без дапамогі Захаду
У Еўрасаюзе могуць адмяніць забарону на продаж дызельных і бензінавых аўто з 2035 года