Берлінскае тэхна стала культурнай спадчынай ЮНЕСКА
Камісія ЮНЕСКА ўключыла ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны тэхна-сцэну Берліна. Камісія ЮНЕСКА абвясціла пра сваё рашэнне 14 сакавіка, У спіс нематэрыяльных аб'ектаў культурнай спадчыны ўвайшлі яшчэ шэсць традыцый і рамёстваў Нямеччыны, піша Kommersant.ru.
16.03.2024 / 14:39
Лутц Лайхсенрынг, член Выканаўчай рады Clubcommission у Берліне, сеткі клубаў і прапагандыстаў клубнай культуры, распавёў Deutsche Welle, што рашэнне ЮНЕСКА стала «яшчэ адной вяхой для берлінскіх тэхна-прадзюсараў, артыстаў, аператараў клубаў і арганізатараў мерапрыемстваў».
«Гэта рашэнне дапаможа нам гарантаваць, што клубная культура будзе прызнана каштоўным сектарам, годным абароны і падтрымкі»,— сказаў прадстаўнік Clubcommission. Берлінская клубная сцэна да гэтага часу перажывае наступствы абмежаванняў з-за COVID-19.
Кампанію за ўключэнне Берлінскай тэхна-сцэны ў спіс ЮНЕСКА праводзіла некамерцыйная арганізацыя Rave the Planet, арганізуючы спецыяльныя рэйвы ў 2022 і 2023 гадах.
Берлінскае тэхна з'явілася ў канцы 1980-х гадоў: яго росквіт адбыўся пасля падзення Берлінскай сцяны.
У якасці танцавальных пляцовак, як правіла, выкарыстоўвалі былыя складскія або фабрычныя памяшканні. Самы вядомы клуб той эпохі Tresor знаходзіўся ў склепе сховішча дакументаў спецслужбы «Штазі».
У дзевяностыя і нулявыя берлінскае тэхна стала настолькі папулярным, што на вечарынкі ў сталіцы ФРГ сталі прыязджаць тэхна-турысты з усяго свету.
***
У спіс нематэрыяльных аб'ектаў культурнай спадчыны таксама ўключаны: альпінізм у Саксоніі, традыцыі выканання песні «Мы спевакі з Фінстэрвальда», карагод зданяў Перхтэнлаўф у баварскай грамадзе Кірхзеон, рамесныя традыцыі белай швальмскай вышыўкі, а таксама вытворчасць сідру фіц з яблыкаў, груш або айвы ў Трыры.
Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА быў створаны ў 2003 годзе. Ён закліканы падтрымліваць і захоўваць традыцыі і з'явы культурнага жыцця, уключаючы музыку, вераванні, рамёствы і грамадскія сходы.
Чытайце таксама:
Генпракуратура хоча ўключыць Брэсцкую крэпасць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
У Грэцыі адкрываецца палац Аляксандра Македонскага. Яго рэстаўравалі 16 гадоў
У вёсцы пад Рагачовам адраджаюць традыцыю перадкаляднага ўпрыгажэння хаты саламянымі павукамі