Спартоўка Марына Арзамасава кінула трэнерскую працу, каб ратаваць дачку з цяжкім аўтаімунным захворваннем

У лютым вядомая беларуская спартоўка Марына Арзамасава раптоўна паведаміла падпісчыкам пра тое, што цалкам спыняе сваю працу як трэнеркі. Прычына таму вельмі сумная: у старэйшай дачкі лёгкаатлеткі знайшлі цяжкае аўтаімуннае захворванне. Яно вельмі рэдкае і праходзіць у агрэсіўнай форме. Таму ўсе сілы Марына вырашыла накіраваць на дапамогу свайму дзіцяці. 

18.03.2024 / 18:24

Фота з інстаграма Марыны Арзамасавай

Па этычных прычынах спартоўка вырашыла не агучваць у сацсетках дыягназ. Але раней яна пісала ў інстаграме, што сітуацыя вельмі складаная:

«На мінулым тыдні было вельмі страшна. Мне тэлефанавала загадчыца аддзялення з папярэджаннем, што вялікая рызыка пераводу на ШВЛ. Але, на шчасце, Саша раздыхалася. Сёння раніцай у яе нават прыбралі кіслародную трубку. Па такіх клінічных прыкметах можна спадзявацца, што прагрэсаванне хваробы спыняецца і мы выйдзем на плато, калі стан роўны і пасля яго павінен ісці спад».

Першы тыдзень Марына правяла разам з дачкой у палаце, другі дзяўчынка ляжала ўжо ў іншай бальніцы ў рэанімацыі, а маці праводзіла з ёй 3-5 гадзін штодзень.

Праз месяц у бальніцы спартоўка напісала, што дачка сапраўды выйшла на плато — стан стабільны, востры перыяд спаў, але кардынальна сітуацыя не мяняецца.

— Ніякіх прагнозаў і тэрмінаў няма, — напісала лёгкаатлетка, — акрамя таго, што ўсё будзе доўга і няпроста. Гэта не такая хвароба, што дзіця ў бальніцы, а ты носіш яму перадачы і чакаеш дома. А калі ён паправіцца, то ўстане і пойдзе жыць сваім звычайным жыццём.

Марына шчыра прызналася, што ёй было вельмі няпроста ўсвядоміць новую рэальнасць. А калі ўсё ж такі прыйшло разуменне, што як раней ужо не будзе, то яе вельмі моцна накрыла.

— Накрыла так, што ў самой уся неўралгія абвастрылася. З плюсаў — мы ляжым у неўралогіі і мне сёння прызначылі працэдуры на спіну, а то проста кашмар быў.

Чэмпіёнка свету адзначыла ў сацсетках, што ёй вельмі цяжка і фізічна, і маральна, бо жыццё замкнулася на маленькай бальнічнай палаце.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Марина Арзамасова|Тренер по бегу|Спортивный Коуч|Нутрициолог (@arzamasova.run)

Цяпер Марына распавяла падпісчыкам, што пасля 5 тыдняў у бальніцы яна з дачкой апынулася ў рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне. Яна распавяла, што мела вялікія надзеі і чаканні, але першыя пару дзён цэнтр Марыне не падабаўся.

— Паглядзела я на ўсю гэтую справу і паціху пачала дамаўляцца, як можна мяняць сітуацыю. І маленькімі крокамі наша рэабілітацыя паляпшаецца. Нядаўна быў першы дзень за перыяд, як у нас усё пачалося (з 5 лютага), калі я плакала ад радасці. Я раву, Саша плача, у нашай інструктаркі ЛФК слёзы на вачах. Атрымаўся наш малы, але такі важны прагрэс.

Марына напісала, што ні яна, ні дачка яшчэ не разумеюць, як будуць вяртацца да нармальнага жыцця. Але сёння яны пабачылі, што карцінка пачала складвацца.

— Самае складанае — выконваць усё, што трэба выконваць. І ў гэты час Саша крычыць і плача, глядзіць сваімі велізарнымі вочкамі, а ты стрымана выконваеш над ёй усе экзекуцыі, таму што толькі так будзе вынік.

У Аксакаўшчыне Марына пазнаёмілася з маці іншай дзяўчынкі, якая мае такі самы дыягназ, як і яе дачка.

— Пагаварыла з мамай, як гэта было. Дзякуй Богу, усё паступова адбудоўваецца і вось ужо праз 10 месяцаў яна сама ходзіць на сваіх нагах. Таму мы верым і ведаем, што ўсё будзе добра.

Чытайце таксама:

«Не судзіце вельмі строга, мне няпроста»: лёгкаатлетка Арзамасава заявіла аб прыпыненні кар'еры з-за допінгавага расследавання

Марына Арзамасава: «У спорту не жаночае аблічча»

Марына Арзамасава: Кожны раз рыдаю над Форэст Гампам

Nashaniva.com