У Беларусі збіраюцца пачаць здабычу белай гліны
Здабычу кааліну, то-бок гліны белага колеру, плануецца наладзіць у Беларусі, паведамілі ў Мінпрыроды. Раней мінералы, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці фарфоравага посуду і санітарнай керамікі, імпартавалі з Украіны, а цяпер яны пастаўляюцца з Расіі.
18.03.2024 / 17:49
Прадукцыя Добрушскага фарфоравага завода. Фота: bestbelarus.by
«Той каалін, які сёння імпартуецца, ёсць у нас у краіне, і ў бягучым годзе будзе пачата здабыча гэтай сыравіны», — сказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Колб у інтэрв'ю СТВ.
У эфіры тэлеканала заявілі, што цяпер у краіне выяўлена каля 50 відаў карысных выкапняў, аднак наладжаная здабыча толькі паловы з іх.
Радовішчы кааліну ёсць у Гомельскай вобласці, аднак да гэтага айчынныя пароды не выкарыстоўваліся для вытворчасці фарфору і санітарна-тэхнічных вырабаў. Наша гліна мае чырвоны падтон з-за вялікага ўтрымання жалеза і не падыходзіць для вытворчасці белага фарфору.
Напрыклад, адзіны ў Беларусі фарфоравы завод выкарыстоўвае для вытворчасці сваёй прадукцыі імпартную сыравіну з Расіі. Менавіта адтуль прывозяць якасную белую гліну — важны кампанент у вытворчасці фарфоравай масы.
Чытайце таксама:
Арыштавалі і выставілі на продаж самую магутную ў Беларусі сонечную электрастанцыю
Колькі калійных угнаенняў летась вырабіла і экспартавала Беларусь