Мемарыял у Светлагорскім раёне, адкрыты 4 гады таму, ужо ставяць на рэканструкцыю

У Светлагорску праводзяць грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі мемарыяла «Ала», адкрытага ў 2020 годзе на месцы аднайменнай вёскі, спаленай нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны. Як пішуць «Светлагорскія навіны», пастанову аб рэканструкцыі прынялі ў сувязі з павелічэннем колькасці наведвальнікаў і з мэтай паляпшэння якасці іх абслугоўвання.

18.03.2024 / 18:02

Фота: МУС

Рамонт прадугледжвае ўстаноўку дадатковых гранітных мемарыяльных пліт, рэканструкцыю выставачнага павільёна, замену разбураных надпісаў аб'ёмнымі літарамі з шклофібрабетону. Таксама тут з'явіцца паркоўка на 18 машына-месцаў, уключаючы 6 — для турыстычных аўтобусаў.

Плануецца ўсталяваць і сістэму відэаназірання за аб'ектам, а вонкавае асвятленне і падсвятленне павінныя запрацаваць на сонечных батарэях. Акрамя таго, побач з комплексам паставяць біяпрыбіральні.

Таксама анансавалі нанясенне на абеліскі выяўленых у ходзе пошукавых работ прозвішчаў мірных жыхароў, якія загінулі ў 1944 годзе падчас карнай аперацыі, а таксама зноў выяўленыя прозвішчы савецкіх вайскоўцаў, якія загінулі пры вызваленні гэтай мясцовасці.

Як сцвярджаецца ў праектнай дакументацыі, усе гэтыя дзеянні накіраваныя на «ўзмацненне эмацыйнага і інфармацыйнага ўздзеяння». Кошт работ з красавіка па верасень 2024 года ацанілі прыкладна ў 87 тыс. рублёў, кошт усяго будаўніцтва пакуль невядомы.

Вёску Ала, у якой напрыканцы вайны жылі не толькі мясцовыя людзі, але і ўцекачы з навакольных вёсак, раніцай 14 студзеня 1944-га акружылі карнікі. Яны сілком загналі людзей у хаты, не шкадуючы нават старых і дзяцей, а пасля падпалілі будынкі з зачыненымі ўнутры вяскоўцамі. Усіх, хто спрабаваў выбрацца з агню, расстрэльвалі. Тады загінула 1758 чалавек, сярод якіх 950 дзяцей. Пасля вайны вёска не адрадзілася.

Чытайце таксама:

Вінаваты ў генацыдзе — Вярхоўны суд вынес першы прысуд супраць памерлага

Марзалюк расказаў, якога нябожчыка будуць судзіць наступным пасля Катрука

Мінспорту прапануе правяраць экскурсаводаў на датычнасць да «рэабілітацыі нацызму» і «адмаўлення генацыду»

Nashaniva.com